Віцебск сустракае Наўрыз выставай іранскай мініяцюры

18 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебск сустракае свята вясенняга раўнадзенства Наўрыз выставай іранскай мініяцюры. Экспазіцыя прадстаўлена ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. На выставе прадстаўлена 30 работ, выкананых у традыцыях персідскага жывапісу мастачкай Ферэштэ Азарбані. Прысвечаныя новаму 1389 году па іранскім календары, які адзначаецца ў дзень вясенняга раўнадзенства 21 сакавіка, мініяцюры напоўнены спакоем і любоўю. Галоўнымі вобразамі мастачкі сталі прыгожыя дзяўчаты і юнакі, птушкі і кветкі, раслінны арнамент, коні. Па ўсіх канонах стварэння мініяцюры ўсе дэталі работ выпісаны з філіграннай дакладнасцю. Гэта мастацтва захоплівае гледача сваёй глыбінёй: мініяцюра прыцягвае ўвагу дзівосным вытанчанасцю элементаў, кожны з якіх хочацца разгледзець дасканала. Выстава арганізавана Пасольствам Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі. Як адзначыў саветнік па пытаннях культуры пасольства Эбрагім Шафіі, жыхары Віцебска сталі яе першымі гледачамі. Затым экспазіцыя будзе прадстаўлена ў Мінску. Наўрыз (у перакладзе "новы дзень") здаўна адзначаецца жыхарамі Ірана, Афганістана, Таджыкістана, а таксама рознымі этнасамі, якія пражываюць у Турцыі, Іраку, Сірыі, Пакістане. На тэрыторыі СНД на дзяржаўным узроўні таксама святкуецца ў Азербайджане, Узбекістане, Туркменістане, Казахстане і Кыргызстане. Напярэдадні даруюць адзін аднаму ўсе крыўды. Усе людзі, дзе б яны ні знаходзіліся, вяртаюцца ў дом, каб у момант наступлення святочнай раніцы быць у коле сям'і. Для свята характэрны абрадавыя гульні, танцы і яркія строі. У кожнай сям'і накрываюць багаты стол з нацыянальнымі стравамі, прысмакамі, напоямі. Галоўнай абрадавай стравай Наўрыза лічыцца прарошчанае пшанічнае збожжа.-0-