Віцебск сустрэў патрыятычны аўтапрабег «Гарады-героі – гарады герояў»

Витебск встретил патриотический автопробег «Города-герои – города героев»
Удзельнікі маршруту «Захад» аўтапрабегу «Гарады-героі – гарады герояў», ініцыяванага Маскоўскай гарадской думай, не прымінулі наведаць Віцебск.

Камандзір экіпажа – Герой Расіі, касманаўт-выпрабавальнік з беларускімі каранямі, дэпутат Масгардумы Алег Арцем'еў паведаміў, што аўтакалона з трох аўтамабіляў «Масквіч» 29 красавіка адправілася ў шлях з горада-героя Масквы. У цяперашні час яна накіроўваецца да месца старту «Заходняга» маршруту, у Брэсцкую крэпасць-герой, далей шлях ляжа праз гарады-героі Мінск і Смаленск і 8 мая завершыцца ў сталіцы РФ.

У патрыятычнай акцыі таксама ўдзельнічаюць Герой Савецкага Саюза, удзельнік Афганскай вайны Намі Акрамаў і Герой Расіі, удзельнік контртэрарыстычных аперацый на Паўночным Каўказе Рафік Іхсанаў, супрацоўнікі апарату Думы.

У самым сэрцы Віцебска, на плошчы Перамогі, гасцей сустрэлі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, удзельнікі мотапрабегу «Дарогамі памяці».

- Вялікая Перамога была і застаецца сімвалам гордасці, навечна ўпісаным у гераічны летапіс нашых народаў, - звярнуўся Дзмітрый Дзямідаў да ўдзельнікаў мітынгу памяці. - Мы разам з мільёнамі савецкіх людзей адстаялі суверэнітэт сваёй краіны, унеслі вырашальны ўклад у вызваленне Еўропы і ўсёй планеты ад карычневай чумы. Савецкі народ згуртаваўся перад пагрозай фізічнага знішчэння і паняволення, праявіў небывалыя стойкасць і мужнасць, быў адзіны на гераічным шляху да Перамогі.

Алег Арцем'еў нагадаў, што асноўная мэта аўтапрабегу – адрадзіць цікавасць да калектыўнага подзвігу жыхароў гарадоў-герояў, гістарычнай праўды пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.

Намі Акрамаў выказаў захапленне тым, як захоўваюць гэту памяць у выдатным – старажытным і маладым – Віцебску. На галоўнай плошчы горада ззяюць словы «Подзвіг савецкага народа неўміручы» і лунае сцяг Перамогі, а ўдзельнікаў патрыятычнай акцыі сустракаюць сапраўдныя сябры.

Удзельнікі ўсклалі кветкі да Вечнага агню на мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Памяць герояў ушанавалі хвілінай маўчання.

Дзесяць экіпажаў аўтапрабегу «Гарады-героі – гарады герояў» праедуць па трох маршрутах. «Паўночны» – у напрамку Мурманска і Санкт-Пецярбурга, а «Паўднёвы» ўключае Севастопаль, Керч, Новарасійск, Валгаград і Тулу. Удзельнікі аўтапрабегу наведаюць усе гарады-героі на тэрыторыі Беларусі і Расіі. У кожным возьмуць зямлю з воінскіх пахаванняў, і 21 чэрвеня, напярэдадні дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, перададуць яе на захоўванне ў крыпту храма Усіх Святых у Мінску.

"Віцебскія весці"