Віцебск за два гады мае намер наўпоўні ўкараніць сістэму кіравання вонкавым асвятленнем

Віцебск за два гады мае намер цалкам укараніць аўтаматызаваную сістэму кіравання вонкавым асвятленнем (АСКВА). Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін сёння падчас абмеркавання рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2016-2020 гады на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Пытанне разглядалася на адкрытым сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама. 

Па словах мэра, да канца года ўкараніць у абласным цэнтры рэгулюемае асвятленне плануецца на ўзроўні 70-80%. "АСКВА дазваляе рэгуляваць вулічнае асвятленне ў залежнасці ад часу сутак і патрэб, значна эканоміць аб'ём выдаткаў, таму мы надаём гэтаму пытанню самую сур'ёзную ўвагу і на працягу бліжэйшых двух гадоў маем намер цалкам укараніць гэту сістэму", - сказаў мэр. 

Акрамя таго, у Віцебску з мінулага года вулічныя свяцільнікі пераводзяцца са звычайных лямпаў на святлодыёдныя. На сённяшні дзень пераабсталявана каля 20% сістэмы вонкавага асвятлення горада. Энергазберагальныя лямпы ўстаноўлены на Маскоўскім праспекце, праспекце Фрунзе, у цэнтры горада, мікрараёне Білева. "Эканомія выдаткаў атрымліваецца істотная, у параўнанні з мінулымі гадамі мы ўжо бачым скарачэнне выдаткаў у два разы", - падкрэсліў Віктар Мікалайкін. 

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў адзначыў важнасць гэтай працы і ў далейшым. "Горад сёння асвятляецца фактычна кругласутачна. Гэта нерацыянальна, уночы павінны гарэць дзяжурныя ліхтары, - дадаў ён. - Акрамя таго, вы самі бачыце эканомію".

Вольга Багачова - БЕЛТА.