Віцебская "Арт-сэсія" упершыню прыме залік па лёне
19 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская "Арт-сесія" упершыню прыме залік па лёне. 20 мая на XIX конкурсе-выставе візуальных мастацтваў студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў адбудзецца паказ у намінацыі "Льняная сукенка", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".
Удзельнікамі-першапраходцамі ў гэтай намінацыі сталі студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якія падрыхтавалі каля 50 конкурсных работ. Галоўная задача, якая стаяла перад будучымі дызайнерамі і мадэльерамі, - максімальна раскрыць магчымасці выкарыстання льняных тканін у вырабе адзення. Наколькі ім удалося дасягнуць пастаўленай мэты, ацэняць прафесійнае журы і гледачы паказу.
Тры лепшыя аўтары будуць адзначаны спецыяльнымі прызамі конкурсу на агульнай цырымоніі ўзнагароджання "Арт-сесіі" вечарам 20 мая. Акрамя таго, арганізатары конкурсу абмяркоўваюць з дырэкцыяй міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" магчымасць дэманстрацыі льняных сукенак, адзначаных журы, падчас мерапрыемстваў форуму.
Конкурс-выстава "Арт-сесія" пройдзе ў Віцебску з 20 па 22 мая. У гэтым годзе ў ім возьмуць удзел студэнты 14 навучальных устаноў з Беларусі, Расіі і Латвіі. Удзельнікі прадставяць работы ў шасці раздзелах: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дызайн і ў спецыяльна зацверджанай намінацыі "Аповесць мінулых гадоў. Працяг", прысвечанай Полацку ў сувязі з абвяшчэннем яго культурнай сталіцай Беларусі. Ацэньваць творы будзе журы, сфарміраванае з незалежных экспертаў. Пераможцы ўсіх намінацый будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі і "арт-стыпендыямі".
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне культуры і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, Цэнтр культуры "Віцебск" пры садзейнічанні Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў.-0-