Віцебская біяфабрыка дзякуючы рэалізацыі інавацыйнага праекта павялічыла чысты прыбытак у 9 разоў
30 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. ПУП "Віцебская біяфабрыка" за студзень-май бягучага года павялічыла чысты прыбытак у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года ў 9 разоў да Br1,5 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Рост прыбытку забяспечаны дзякуючы рэалізацыі інавацыйнага праекта "Пашырэнне ПУ "Віцебская біяфабрыка", які праводзіцца згодна дзяржпраграме развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў. У адпаведнасці з праектам прадугледжана завяршэнне будаўніцтва галоўнага вытворчага корпуса прадпрыемства агульнай плошчай 18,7 тыс.кв.м і аснашчэнне новых вытворчых плошчаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем, якое адпавядае патрабаванням GMP. Інвестыцыі дзяржавы ў праект з 2005 па 2010 гады склалі Br191,1 млрд. На дадзеным этапе на прадпрыемстве працуе прыёмачная камісія па ўводзе ў строй другога і трэцяга пусканаладачных комплексаў, на якіх будуць выпускацца гатовыя лекавыя формы, бактэрыяльныя вакцыны і інфузійныя растворы для ветэрынарыі, а таксама будзе наладжана вытворчасць імпартазамяшчальных вірусных вакцын.
Фабрыка заснавана ў 1930 годзе і спецыялізуецца на ветэрынарных лячэбна-дыягнастычных прэпаратах для жывёлагадоўлі. За студзень-май бягучага года аб'ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў Br6 млрд., што на 26% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тэмп росту аб'ёмаў новай прадукцыі ў студзені-маі склаў 217,6% і ацэньваецца ў Br1,5 млрд. Аб'ём адгружанай прадукцыі ў фактычных цэнах за пяць месяцаў дасягнуў Br5 млрд., гэта на 28% вышэй за аналагічныя паказчыкі мінулага года. Прадпрыемства экспартуе прадукцыю ў Азербайджан, Турцыю, Казахстан.
Сёння на прадпрыемстве чакаюць з рабочай паездкай прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.-0-