Віцебская біяфабрыка павінна ствараць уласную ТПС для прасоўвання прадукцыі на рынкі - КДК
15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЧУП "Віцебская біяфабрыка" павінна ствараць уласную тавараправодзячую сетку для прасоўвання сваёй прадукцыі. Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон падчас наведвання гэтага прадпрыемства, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе КДК.
На сённяшні дзень біяфабрыка з'яўляецца найбуйнейшым у краіне вытворцам лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў (ветпрэпаратаў) для жывёлагадоўлі. Цяпер тут вядзецца асваенне вытворчых магутнасцей, уведзеных у эксплуатацыю, наладжваецца выпуск новых прэпаратаў.
Вывучаючы работу прадпрыемства, старшыня КДК звярнуў увагу на праблемы, з якімі сутыкаецца фабрыка. У прыватнасці, ён адзначыў, што, нягледзячы на ўнікальнасць вытворчасці, у будучыні прадпрыемству будзе няпроста заваёўваць рынкі збыту з-за таго, што распрацоўка новых ветпрэпаратаў не ў належнай меры забяспечана інавацыйнымі тэхналогіямі. У адказ на рэпліку кіраўніцтва аб складанасцях з рэалізацыяй прадукцыі праз сістэму гандлюючых арганізацый ААТ "Белзааветснабпрам" Аляксандр Якабсон прапанаваў біяфабрыцы падумаць аб стварэнні ўласнай тавараправодзячай сеткі. "На фабрыцы не павінна быць невырашальных праблем", - падкрэсліў кіраўнік КДК.
З кіраўніцтвам Віцебскай біяфабрыкі абмеркаваны пытанні абнаўлення кадравага патэнцыялу з улікам спецыфікі вытворчасці, а таксама магчымасці зніжэння ўзроўню дэбіторскай запазычанасці. Па выніках наведвання прадпрыемства Аляксандр Якабсон даручыў кіраўніцтву біяфабрыкі і Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласці падрыхтаваць прапановы па вырашэнні актуальных праблем.
Акрамя таго, кіраўнік кантрольнага ведамства правёў у Камітэце дзяржкантролю Віцебскай вобласці рабочую нараду, на якой разам з кіраўніцтвам аблвыканкама, кантралюючых, праваахоўных і судовых органаў вобласці абмяркоўваліся задачы па далейшым удасканаленні кантрольнай дзейнасці.
Як падкрэсліў Аляксандр Якабсон, асноўны прыярытэт у дзейнасці Камітэта дзяржкантролю - яе прафілактычная накіраванасць: пакаранне не павінна быць самамэтай. У сувязі з гэтым старшыня КДК адвёў важнае месца кадравай палітыцы, якая праводзіцца ў органах Дзяржкантролю, адзначыўшы, што пры фарміраванні кадравага складу абавязкова неабходна ўлічваць наяўнасць у супрацоўнікаў кантрольных органаў такіх якасцей як прафесіяналізм, прынцыповасць і аб'ектыўнасць.
На нарадзе былі выслуханы меркаванні кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, праваахоўных і судовых органаў аб узаемадзеянні з Камітэтам дзяржкантролю вобласці, у тым ліку і па выпрацоўцы супольных прапаноў па рэалізацыі Дырэктывы №4.-0-