Віцебская біяфабрыка ў 2009 годзе асвоіць вытворчасць імпартазамяшчальных ветпрэпаратаў на Br10 млрд.

10 красавіка, Віцебскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Увод у эксплуатацыю другога пускавога комплексу рэканструкцыі прыватнага вытворчага унітарнага прадпрыемства "Віцебская біяфабрыка" дазволіць наладзіць вытворчасць імпартазамяшчальных ветэрынарных вакцын на Br10 млрд. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, наведваючы сёння прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Біяфабрыка наладзіць вытворчасць уласных 15 бактэрыяльных вакцын, 37 фармакалагічных прэпаратаў і павялічыць вытворчасць ветпрэпаратаў удвая - да Br17 млрд. З улікам таго, што больш за палову прадукцыі будзе імпартазамяшчальнай, эканомія сродкаў на закупку айчынных прэпаратаў за кошт больш нізкіх цэн складзе больш за Br3,5 млрд. Здача аб'екта ў эксплуатацыю намечана на чэрвень бягучага года. Дзяржаўныя інвестыцыйныя затраты на яго ўзвядзенне склалі Br82 млрд. Першы пускавы комплекс біяфабрыкі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2007 годзе. З пачаткам яго работы на прадпрыемстве асвоены выпуск гіперымунных сываратак. У 2008 годзе выраблена 23 т такіх сываратак, што дазволіла забяспечыць поўнае імпартазамяшчэнне гэтых прэпаратаў. Поўная рэканструкцыя Віцебскай біяфабрыкі будзе завершана ў снежні бягучага года. Пры выхадзе фабрыкі на праектную магутнасць, пачынаючы з 2011 года, асартымент выпускаемых прэпаратаў перавысіць 90 найменняў, аб'ём вырабленай прадукцыі складзе каля Br40 млрд., з іх па імпартазамяшчэнні - каля Br20 млрд. У Беларусі ў цяперашні час зарэгістравана 1146 ветэрынарных прэпаратаў, з іх толькі 46,6% - айчынныя. У рамках дзяржаўнай праграмы развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў і інструментаў, якія выкарыстоўваюцца ў ветэрынарыі, на 2005-2008 гады прадугледжана тэхнічнае перааснашчэнне пяці заводаў: у Гомелі, Мінску, Магілёве, Віцебску і Віцебскім раёне. Да 2011 года доля айчынных прэпаратаў у агульным аб'ёме іх вытворчасці павінна скласці не менш за 70%, запатрабаваў прэм'ер-міністр.-0-