Віцебская біяфабрыка завершыць мадэрнізацыю вытворчасці ў красавіку 2010 года

10 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская біяфабрыка завершыць тэхналагічнае абнаўленне вытворчасці ў красавіку бягучага года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебская біяфабрыка" Аркадзь Юдасін. Тэхнічнае пераўзбраенне і пашырэнне Віцебскай біяфабрыкі праводзіцца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў і інструментаў, якія выкарыстоўваюцца ў ветэрынарыі. Прадугледжана завяршэнне будаўніцтва галоўнага вытворчага корпуса прадпрыемства агульнай плошчай 18,7 тыс. кв.м і аснашчэнне новых вытворчых плошчаў сучасным тэхналагічным абсталяваннем, якое адпавядае патрабаванням GMP (правільнай вытворчай практыкі). Першы пускавы комплекс біяфабрыкі быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2007 годзе. З пачаткам яго эксплуатацыі на прадпрыемстве быў асвоены выпуск гіперімунных сываратак, што дазволіла забяспечыць поўнае імпартазамяшчэнне гэтых прэпаратаў. На прадпрыемстве завяршылі пусканаладачныя работы на другім пускавым комплексе і прыступілі да пусканаладачных работ на трэцім комплексе. На другім комплексе будуць вырабляцца гатовыя лекавыя формы, бактэрыяльныя вакцыны і інфузійныя растворы для ветэрынарыі. На трэцім будзе наладжана вытворчасць імпартазамяшчальных вірусных вакцын для абароны сельскагаспадарчых жывёл і птушкі ад інфекцый. Па словах Аркадзя Юдасіна, у адпаведнасці з тэхналогіяй вытворчасці другі і трэці комплексы павінны ўводзіцца адначасова. З іх запускам у красавіку бягучага года маштабныя работы па тэхналагічнай рэканструкцыі вытворчасці завершацца. Дырэктар нагадаў, што тэрміны заканчэння мадэрнізацыі фабрыкі двойчы пераносіліся. Прычынай таму былі як будаўнічыя недаробкі, так і асаблівасці мантажу высокатэхналагічнага абсталявання. Пры выхадзе фабрыкі на праектную магутнасць з 2011 года асартымент выпускаемых прэпаратаў перавысіць 90 найменняў, аб'ём вырабленай прадукцыі, амаль палова якой будзе імпартазамяшчальнай, складзе каля Br40 млрд. Узрасце экспартны патэнцыял фабрыкі. Ужо ў 2009 годзе экспарт прадпрыемства ў параўнанні з 2008 годам узрос у 5 разоў. Віцебскія прэпараты купляюць у Азербайджане, Таджыкістане, Украіне, Турцыі, Казахстане. Віцебская біяфабрыка была заснавана ў 1930 годзе. Спецыялізуецца на выпуску складаных лячэбна-прафілактычных і дыягнастычных прэпаратаў для ветэрынарыі. Па выніках 2009 года тэмп росту вытворчасці ў супастаўных цэнах склаў 119,9%, рэнтабельнасць вытворчасці дасягнула 19,7%, чысты прыбытак перавысіў Br1 млрд. (у 2008 годзе ён складаў Br468 млн.). Высокія тэмпы вытворчасці Віцебская біяфабрыка захоўвае ў 2010 годзе. У студзені-лютым тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года склаў 133,5%. -0-