Віцебская бройлерная птушкафабрыка плануе перавыканаць гадавое заданне па вытворчасці мяса на 4 тыс. т

2 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" ў 2010 годзе плануе перавыканаць гадавое заданне па вытворчасці мяса на 4 тыс.т, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар таварыства, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ганна Шарэйка. Праграмай развіцця птушкагаспадаркі ў Беларусі на 2006-2010 гады было прадугледжана павелічэнне вытворчасці мяса птушкі на прадпрыемстве з 18 тыс.т у 2006 годзе да 28 тыс.т у 2010 годзе пры рэнтабельнасці продажаў каля 11%. Па выніках студзеня-ліпеня фабрыка вырабіла 19,3 тыс.т мяса птушкі, рэнтабельнасць рэалізацыі наблізілася да 20%, а да канца бягучага года аб'ём выпуску дасягне 32 тыс.т. Дамагчыся перавыканання пастаўленых задач птушкагадоўцы змаглі, рэалізаваўшы ўласны пяцігадовы план перспектыўнага развіцця, накіраваны на стварэнне высокатэхналагічнай біябяспечнай вытворчасці. За пяць гадоў у асноўны капітал інвесціравана каля Br200 млрд. Сродкі былі накіраваны на будаўніцтва новых аб'ектаў: цэха племянных маладнякоў у Лёзненскім раёне, комплексаў для ўтрымання курэй-несушак і прамысловага інкубатара на 18 млн. яек. Усё гэта зроблена ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі ветэрынарнай і санітарнай бяспекі на адлегласці ад асноўнай вытворчасці. Паралельна з гэтымі работамі вялася рэканструкцыя цэхаў перапрацоўкі мяса птушкі, цэха ўтылізацыі, пабудаваны аб'екты, якія забяспечваюць экалагічную бяспеку вытворчасці. Два гады таму бройлерная фабрыка ўвяла аўтаномнае ацяпленне ўсіх вытворчых участкаў і цэхаў, што дазволіла значна скараціць затраты на энергетычныя рэсурсы. За 2008 і 2009 гады мэтавы паказчык па энергазберажэнні перавыкананы і склаў мінус 18,9% і мінус 13,3% адпаведна. Яшчэ адным вырашальным фактарам перавыканання прагнозных паказчыкаў стала ўкараненне сучасных інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання бройлераў. На змену традыцыйнаму падлогаваму ўтрыманню птушкі ў новых птушніках прыйшла тэхналогія клеткавага ўтрымання птушанят. Пры падлогавым утрыманні звычайна ў адным зале птушніка ўтрымліваецца 25 тыс. птушанят, а пры новым метадзе на такой жа плошчы - 65 тыс. Фактычна з 1 кв.м плошчы здымаецца мяса ў 2,5 раза больш, растлумачыла Ганна Шарэйка. Віцебская бройлерная птушкафабрыка з'яўляецца адзінай у вобласці, дзе мяса птушкі вырабляецца на прамысловай аснове з замкнёным вытворчым цыклам: ад атрымання племянных птушанят, вытворчасці інкубацыйных яек, вырошчвання бройлераў да поўнай перапрацоўкі мяса птушкі ў паўфабрыкаты хуткага прыгатавання, копчанасці і каўбасы. Асартымент прадукцыі налічвае звыш 200 таварных пазіцый з мяса птушкі, уключаючы паўфабрыкаты, паўфабрыкаты хуткага прыгатавання, копчанасці, вэндзіны, паштэты, каўбасы. Усе вырабы выпускаюцца пад гандлёвай маркай "Ганна". Віцебская бройлерная птушкафабрыка адкрыта ў 1981 годзе, у 2004 годзе пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Статутны фонд складае Br70,9 млрд. Дзяржаве належыць 99,59% акцый. На прадпрыемстве працуюць больш за 2 тыс. чалавек.-0-