Віцебская прыватная кампанія сумесна з індыйскімі інвестарамі будзе выпускаць лекі супраць анкалагічных захворванняў
Выпуск генэрычных лекавых сродкаў для лячэння анкалагічных захворванняў плануе арганізаваць віцебскае ТАА СП «ВитВар» сумесна з інвестарамі з Індыі. Новае СТАА «Нативита» зарэгістравана ў Бешанковічах па месцы размяшчэння асноўнай вытворчай пляцоўкі.
Па словах дырэктара прадпрыемства, якое будуецца, Валерыя Бараноўскага, цяпер вядзецца праектаванне аб'екта, а ўвод яго ў эксплуатацыю намечаны на першую палову 2016 года. Аб'ём інвестыцый на першапачатковым этапе складзе не менш за 10 млн долараў. Праект прадугледжвае арганізацыю вытворчасці лекаў па поўным цыкле ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнародных стандартаў якасці GMP, пры гэтым абсталяванне будзе прадастаўлена індыйскімі заснавальнікамі. Прадукцыю плануецца пастаўляць на ўнутраны рынак, а таксама ў краіны Мытнага саюза.
У выніку рэалізацыі праекта павінна быць створана не менш за 76 працоўных месцаў, тэрмін акупнасці інвестыцыйных укладанняў складзе 3,5 года. Пад размяшчэнне вытворчых магутнасцей рэканструюецца двухпавярховы будынак плошчай 4,4 тыс. кв. м, дзе раней быў цэх жалезабетонных канструкцый аднаго з раённых прадпрыемстваў.
Дадамо, што для беларуска-польскага СВП «ВитВар» гэта ўжо не першы вопыт супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі па стварэнні фармвытворчасцей. На гэтай жа пляцоўцы ў Бешанковічах віцебская кампанія ў кааперацыі з літоўскімі інвестарамі стварыла СТАА «АканітФарма» па выпуску гомеапатычных лекавых прэпаратаў. Дарэчы, менавіта пад гэты праект тандэму інвестараў былі бязвыплатна перададзены тры будынкі камунальнай уласнасці, якія прастойвалі з 2004 года. Акрамя таго, у абласным цэнтры «ВитВар» сумесна з ізраільскімі партнёрамі зарэгістравала «Цэнтр сямейнага здароўя «Бiна», які будзе спецыялізавацца на дыягностыцы і лячэнні бясплоддзя з выкарыстаннем сучасных рэпрадуктыўных тэхналогій.
Сяргей Анто́наў, "Віцебскія весці"