Віцебская філармонія адкрывае новы сезон

Витебская филармония открывает новый сезон

Віцебская філармонія напярэдадні новага сезона з радасцю адчыняе свае дзверы. У верасні можна будзе пачуць домру, фартэпіяна, орган, ёсць і спецыяльныя праекты для дзяцей.

У канцэрце камернай музыкі 8 верасня 16.00 выступіць лаўрэат Усерасійскіх і міжнародных музычных конкурсаў Кацярына МОЧАЛАВА – домра (Расія).

Кацярына – студэнтка магістратуры Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (клас Народнага артыста Расіі прафесара Вячаслава Круглова), лаўрэат і ўладальнік Грант-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў Расіі ім. Н.П. Осіпава. Яна выканае творы Д.Скарлаці, В.Моцарта, А.Цыганкова, М.Равеля, С.Пракоф'ева, Я.Цымбаліста і іншых у суправаджэнні фартэпіяна, партыі на якім будзе граць дыпламант Усерасійскіх і міжнародных конкурсаў Вольга Сільвестрова.

20 верасня 18.30

адбудзецца канцэрт фартэпіяннай музыкі, прысвечаны 140-годдзю Сяргея Рахманінава. На віцебскай сцэне творы выдатнага рускага кампазітара выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Арсеній САДЫКАЎ (Германія, Беларусь).

Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Арсеній працягваў навучанне ў кансерваторыі ім. Монтэвердзі ў Больцана (Італія), навучаўся ў знакамітай Musica Mundi у Брусэлі (Бельгія), у музычнай акадэміі Ю.Башмета ў Мінску. Цяпер Арсеній Садыкаў – студэнт-магістрант Вышэйшай школы музыкі ім. Ф.Ліста ў Веймары (Германія). Малады піяніст ужо гастраляваў у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Беларусі – як з сольнымі праграмамі, з сімфанічным аркестрам, так і ў складзе камерных ансамбляў.

Да 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў прымеркаваны канцэрт камернай і арганнай музыкі «Маналогі душы», які адбудзецца 27 жніўня а 18.30. Разнажанравыя творы, якія прагучаць у канцэрце – пачынаючы з п'ес з «Полацкага сшытка», твораў С.Манюшкі, П.Жляхоўскага, і заканчваючы творамі А.Літвіна, І.Лучанка, А.Кароткінай і іншых сучасных беларускіх кампазітараў – прадставяць гісторыю развіцця беларускай кампазітарскай творчасці.

У праграме прымуць удзел салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Полацка Ксенія Пагарэлая (арган), член Саюза кампазітараў Беларусі, кампазітар Ганна Кароткіна (фартэпіяна) і іншыя выканаўцы. У лістападзе ў гонар юбілею Беларускага саюза кампазітараў у канцэртных залах краіны будзе гучаць музыка вядомых беларускіх аўтараў, раскрываючы панараму сучаснага стану кампазітарскай творчасці ў Беларусі.

Для дзяцей перад пачаткам новага канцэртнага сезона філармонія прадставіць канцэрт «Казкі метамарфозы» па старонках лепшых дзіцячых праграм філармоніі. Гэта своеасаблівы музычны «анонс» дзіцячых праграм, якія прагучаць на сцэне філармоніі на працягу XXV сезона. Артысты філармоніі выканаюць лепшыя канцэртныя нумары і ўпадабаныя сцэны з мюзікла «Гісторыі ката Філафея», дзіцячай оперы «Каралеўскі бутэрброд», тэатральнага прадстаўлення «Маленькія казкі для самых маленькіх»», казачнай фантазіі «Снягурка», музычнай праграмы «Давайце пагуляем у цырк» і іншых. Канцэрт пройдзе пры непасрэдным удзеле маленькіх гледачоў: ім трэба будзе падарожнічаць па казках разам з вядучай – Таццянай Савіцкай.

Таццяна Салаўёва