Віцебская філармонія падрыхтавала новую праграму для дзяцей "ФаСолька запрашае"

16 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Новы казачны персанаж ФаСолька павядзе юных віцябчан па свеце класічнай музыкі ў XXI канцэртным сезоне Віцебскай абласной філармоніі, які адкрыецца 1 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла мастацкі кіраўнік філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ. У надыходзячым сезоне філармонія падрыхтавала для дзяцей і падлеткаў новыя праграмы, якія аб'яднаны абанементам "ФаСолька запрашае". Разам з казачным персанажам маленькія віцябчане пойдуць на "Прагулку сонечнай раніцай" - так называецца музычна-тэатралізаванае прадстаўленне, пазнаёмяцца з "каралем інструментаў" у праграме "Арган для дзяцей" (салістка Ірына Маштакова). Таксама рыхтуецца прэм'ера тэатралізавана-музычнага прадстаўлення "Святлафор": пазнавальная праграма ў гульнявой форме раскажа дзецям аб правілах бяспекі. Яшчэ адну прэм'еру для дзяцей прадставіць камерны аркестр філармоніі - гэта будзе своеасаблівае знаёмства з інструментамі аркестра ў жанры музычнай казкі. Акрамя таго, у афішы захаваны палюбіўшыяся юным слухачам прадстаўленні - смешная опера ў адным дзеянні "Каралеўскі бутэрброд" па матывах балад Алана Мілана, "Мультыппультыя", опера "Квартет" і іншыя. Для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ працягнуцца канцэртныя праграмы па адукацыйным праекце "Сустрэчы з музыкай", які рэалізуецца сумесна з Віцебскім гарвыканкамам. Асноўнай мэтай тэматычных праграм для падрастаючага пакалення з'яўляецца выхаванне слухача на лепшых традыцыях сусветнага класічнага мастацтва, адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ. Узаемадзеянне філармоніі з дарослай аўдыторыяй працягнецца па чатырох абанементах - "Музыка ў танцавальным рытме", вакальная, камерная і арганная музыка. Аматары арганнай музыкі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнымі выканальніцкімі школамі, у Віцебск запрошаны арганісты з Расіі, Германіі, Літвы і іншых краін. Выступленне дацкага выканаўцы Ганса Хрысціяна Хайна, а таксама канцэрт маскоўскага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Дзмітрыя Людкова пройдуць падчас адкрыцця сезона. Па традыцыі філарманічны сезон адкрые Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор якога Аляксандр Анісімаў. "Філармонія - гэта перш за ўсё музыка, таму першыя канцэрты сезона будуць чыста інструментальнымі", - сказала Нэлі Мацаберыдзэ. Яшчэ адной значнай падзеяй сезона стане традыцыйны, 21-ы па ліку, Міжнародны музычны фестываль ім. Івана Солерцінскага, які ўключаны ў абласную праграму мерапрыемстваў Года роднай зямлі.-0-