Віцебская філармонія прадставіць праграму-прысвячэнне Ф.Лісту беларускага піяніста Юрыя Блінова
4 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская філармонія прадставіць 5 мая сольны канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў Юрыя Блінова з праграмай, прысвечанай 200-гадоваму юбілею Ферэнца Ліста, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік установы культуры Нэлі Мацаберыдзэ.
Выступленне музыканта з сусветным імем на віцебскай сцэне стане знакавай падзеяй для філармоніі, упэўнена яна. Праграма з двух аддзяленняў прадстаўляе рамантычную фартэпіянную школу 19 стагоддзя. У выкананні Юрыя Блінова віцебская публіка пачуе некалькі твораў вялікага венгерскага піяніста і кампазітара, у тым ліку пяць трансцэндэнтных этюдаў, якія патрабуюць віртуознага майстэрства, а таксама нечаста выконваны твор "Благаславенне Бога ў самоце" (з цыкла "Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі"). Акрамя таго, у праграме канцэрта будуць гучаць творы Фрэдэрыка Шапэна і Напалеона Орды.
У Віцебск Юрый Бліноў прыедзе адразу пасля гастроляў у Германіі, дзе яго праграма да 200-годдзя Ф.Ліста была сустрэта захопленымі водгукамі публікі і атрымала добрую прэсу, сказала Нэлі Мацаберыдзэ. Апошні раз музыкант выступаў на віцебскай сцэне чатыры гады таму і пакінуў незгладжальнае ўражанне, таму чарговую сустрэчу з цудоўным музыкантам віцебская публіка чакае з нецярпеннем.
Юрый Бліноў скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і стажыраваўся ў розных навучальных установах ЗША. Музыкант з'яўляецца лаўрэатам міжнароднага конкурсу імя С.Пракоф'ева (Санкт-Пецярбург), уладальнікам гран-пры міжнароднага конкурсу імя Ф.Шапэна ў Корпус-Крысці (ЗША), пераможцам конкурсу Усеамерыканскай асацыяцыі піяністаў і прызёрам міжнародных конкурсаў у ЗША. Музыкант вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, гастраляваў у Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Польшчы, Кітаі, Расіі. У 2006 годзе Юрый Бліноў дэбютаваў у камернай зале славутага нью-ёркскага Карнегі-хола.-0-