Віцебская філармонія працягне праект для будучых мам "Скуткаць душу з нот"
Папулярны ў віцяблянак праект "Сткаць душу з нот" Віцебская абласная філармонія мае намер рэалізоўваць і ў новых канцэртных сезонах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Праект уяўляе сабой цыкл канцэртна-пазнавальных праграм, падчас якіх будучыя мамы знаёмяцца з высокімі ўзорамі музычнай класікі, іх жывым музычным выкананнем, што нясе станоўчую энергетыку, а таксама атрымліваюць кансультацыі гінеколагаў, псіхолагаў, дэфектолагаў, юрыстаў і іншых спецыялістаў па жываважных пытаннях прэнатальнага і ранняга дзіцячага выхавання. У многіх краінах Еўропы і Расіі такія канцэрты карыстаюцца вялікай папулярнасцю, у Беларусі ж у 2010-2011 гадах гэта стала першым зваротам музыкаў да такога роду праектаў.
Рэпертуар канцэртаў падабраны па матэрыялах навуковых даследаванняў аб дабратворным уплыве асобных кампазіцый на самаадчуванне цяжарнай жанчыны і яе будучага дзіцяці, а тэмамі сустрэч становяцца актуальныя ў гэты перыяд пытанні: як правільна жыць у "цікавым становішчы", што есці і піць, якую музыку слухаць, якія тэлеперадачы глядзець, як у далейшым раскрыць таленты малога, дапамагчы яму стаць паспяховым і інш.
"Віцебская абласная філармонія рэалізуе праект "Сткаць душу з нот" ужо трэці канцэртны сезон запар. Яго дабратворны ўплыў на самаадчуванне, душэўны стан цяжарных адзначаюць як урачы, так і самі слухачкі, многія з якіх ужо паспелі стаць шчаслівымі маці. Аб станоўчым эфекце сведчыць і высокая запатрабаванасць праекта, таму ён абавязкова будзе працягнуты ў новых канцэртных сезонах", - адзначылі ў філармоніі, дадаўшы, што цыкл распрацаваны ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай духоўнага аздараўлення нацыі і праходзіць пры партнёрскай падтрымцы ўстаноў аховы здароўя Віцебска.