Віцебская філармонія ў Міжнародны дзень сям'і запрашае гараджан на дабрачынны канцэрт

14 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская абласная філармонія 15 мая дасць дабрачынны канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму дню сям'і, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры. На канцэрце ў выкананні артыстаў і калектываў філармоніі прагучаць народныя песні, кампазіцыі савецкага перыяду, творы сучасных кампазітараў, а таксама сцэны з дзіцячых праграм XXII канцэртнага сезона. Праграма сфарміравана такім чынам, каб быць цікавай для ўсіх членаў сям'і - дзяцей, бацькоў, іх бабуль і дзядуляў, падкрэслілі ў філармоніі. Шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, арганізаваны ва ўсіх рэгіёнах вобласці, адзначылі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. Так, 14 мая ў Наваполацку праводзіцца другі этап гарадскога конкурсу "Мама, тата, я - здаровая сям'я!". Тэматычныя круглыя сталы, канцэрты з запрашэннем бацькоў праходзяць ва ўстановах адукацыі. Свае мерапрыемствы з нагоды Дня сям'і падрыхтавалі таксама пярвічкі Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Міжнародны дзень сям'і (15 мая) заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе. Устанаўленне гэтага дня - факт прызнання асаблівай ролі сям'і, імкненне сусветнай супольнасці прыцягнуць увагу ўсіх да яе праблем. Сям'я як асноўны элемент грамадства была і застаецца захоўніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця.-0-