Віцебская гімназія № 2 пяты раз запар паказвае найлепшы вынік у краіне ў алімпіядным руху

Витебская гимназия № 2 пятый раз подряд показывает лучший результат в стране в олимпиадном движении
Сёлета навучэнцы 8 – 11 класаў папоўнілі скарбонку ўзнагарод 23 дыпломамі рэспубліканскай алімпіяды. У складанай інтэлектуальнай барацьбе яны прадэманстравалі свае высокія веды па матэматыцы, інфарматыцы, хіміі, фізіцы, геаграфіі, англійскай і рускай мовах. Для выпускнікоў перамога ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды – падвойнае свята: перад імі цяпер адкрыты дзверы вядучых ВНУ краіны.

Але адпачываць на лаўрах навучэнцы гімназіі № 2 не прывыклі: наперадзе новыя вяршыні, якія яны мараць заваяваць. Адзінаццацікласнік Мацвей Арэшчанка, які заваяваў дыплом I ступені па матэматыцы, цяпер актыўна рыхтуецца да адборачнага туру на міжнародную алімпіяду. У каманду ад Беларусі ўвойдуць усяго шэсць чалавек.

– Разам з маім аднакласнікам Іванам Коршунавым, які таксама стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, мы зробім усё магчымае, каб даказаць, што віцебская гімназія № 2 рыхтуе лепшых матэматыкаў у краіне, – расказаў Мацвей. – Я ўпэўнены ў сваіх ведах алгебры і геаметрыі, а вось рашэнне задач па камбінаторыцы трэба падцягнуць. Але ў гэтым і прыгажосць матэматыкі: ты кожны дзень пераадольваеш самога сябе, шукаеш сапраўднае і элегантнае рашэнне складанай задачы, паступова падымаючы планку. Маленькія перамогі кожны дзень – напэўна, дзеля гэтага і варта займацца матэматыкай.

Мацвей Арэшчанка прызнаўся, што надае любімаму прадмету па пяць – шэсць гадзін на дзень, увесь час вывучае дадатковую літаратуру, у тым ліку на англійскай мове.

– Мой педагог Аляксандр Уладзіміравіч Шуголь на кожным занятку дае мне моцны фундамент ведаў. Але надбудаваць над ім неабходную колькасць «паверхаў» – ужо мая задача. Без самаарганізацыі, дысцыпліны, цярпення аб добрым выніку можна забыцца, – упэўнены Мацвей.

У будучыні гімназіст бачыць сябе ў IT-сферы, але пакуль не вызначыўся з канкрэтным напрамкам. Адно ведае дакладна – вучыцца будзе ў беларускай ВНУ.

Пра тое, што наша адукацыя лічыцца адной з найлепшых у свеце, прызналася і дзесяцікласніца Валерыя Каранеўская, якая стала пераможцай заключнага этапу алімпіяды па англійскай мове. У гімназію № 2 дзяўчына прыйшла толькі ў гэтым навучальным годзе – і адразу поспех!

– У школе, дзе вучылася раней, на жаль, не было патрэбнага мне профілю. Таму ў дзявятым класе стала шукаць варыянты, дзе змагу рэалізаваць свой патэнцыял: вельмі хацелася вывучаць англійскую мову на павышаным узроўні. Выбар стаяў паміж Ліцэем БДУ і гімназіяй № 2, – прызналася Валерыя. – Пахадзіўшы некалькі месяцаў у «Лабараторыю падрыхтоўкі талентаў», якая дзейнічае ў гімназіі, зразумела: менавіта тут мне лёгка, камфортна, цікава. З педагогам Анастасіяй Уладзіміраўнай Зутон нават складаныя тэмы становяцца лёгкімі. Убіраеш веды, як губка, і разумееш, што наперадзе яшчэ мноства адкрыццяў. Гэта вельмі матывуе!

Цяпер гімназістка працуе над папаўненнем свайго актыўнага слоўнікавага запасу па англійскай мове, для гэтага чытае шмат кніг у арыгінале. Да прыкладу, нядаўна з захапленнем вывучыла філасофскі трактат Жана Бадрыяра «Грамадства спажывання».

– У будучыні я хачу займацца спецыяльным перакладам, у прыватнасці, у IT-сферы, альбо стаць профі ў сінхронным, – расказала пра свае планы Валерыя. – Таксама разглядаю такую спецыяльнасць, як «міжнародныя камунікацыі». У сучасным свеце гэта вельмі актуальная прафесія, бо ўсё больш нітачак (эканамічных, культурных, гуманітарных) звязваюць нашу краіну з іншымі. А значыць, у любой буйной кампаніі павінен быць спецыяліст, які не толькі зможа выбудаваць дыялог, але і разумее тонкасці міжнародных адносін.


Толькі за апошнія чатыры гады навучэнцы гімназіі № 2 заваявалі 103 дыпломы заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па 14 прадметах, 27 медалёў міжнародных алімпіяд. Па выніках 2020 і 2022 года гімназія № 2 прызнана найлепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Як удаецца дасягаць такіх уражлівых вынікаў? Пра гэта расказаў дырэктар установы адукацыі Канстанцін Кісялёў:

– У нас створана адмысловая сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў, якая пачынаецца яшчэ ў пачатковай школе. Калектыў навучальнай установы на працягу многіх гадоў на высокапрафесійным узроўні вядзе працу па самарэалізацыі адораных дзяцей, дапамагае кожнаму вучню быць паспяховым, крэатыўным і запатрабаваным. У гімназіі № 2 працуе лепшы тандэм матэматыкаў краіны – Аляксандр Шуголь і Святлана Матросава, наймацнейшыя трэнеры па праграмаванні – Вераніка Лакціна і Міхаіл Касценко, самы выніковы настаўнік хіміі Віцебскай вобласці – Руслан Шклейнік, таленавіты географ – Сяргей Крывенка. Традыцыйна паказваюць высокія вынікі педагогі англійскай мовы Наталля Чарнова, Ганна Мінёнка, Анастасія Зутон, рускія філолагі – Алена Маісеева і Людміла Прусова, каманда гісторыкаў і грамадазнаўцаў – Аляксандр Дзядзінкін, Вольга Чаплыгіна, Вольга Міцкевіч і многія іншыя цудоўныя настаўнікі.


Кіраўнік установы адукацыі падкрэсліў, што створаная сістэма профільнага навучання ў 10-11 класах дапамагае ўсім выпускнікам паступаць у лепшыя ўніверсітэты Беларусі. Па гэтым паказчыку гімназія № 2 таксама ў ліку лепшых у краіне.

– Мы стараемся не толькі дэманстраваць самую высокую якасць адукацыі ў рэспубліцы, але і шмат працуем над тым, каб нашы высокаінтэлектуальныя, таленавітыя, мэтанакіраваныя гімназісты былі патрыётамі сваёй краіны. Каб яны вучыліся на роднай зямлі, а затым сваімі працоўнымі дасягненнямі рабілі жыццё ў Беларусі лепшым і шчаслівейшым, – прызнаўся Канстанцін Кісялёў. – А кожны год 1 верасня ў гімназіі № 2 нязменна ставяць сабе задачу: быць лепш, чым год таму.

"ВІЦЬБІЧЫ"