Віцебская гарадская паліклініка ўкараніла электронны рэцэпт для выпіскі льготных лекаў

Витебская городская поликлиника внедрила электронный рецепт для выписки льготных лекарств

Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка ўкараніла электронны рэцэпт для выпіскі лекавых сродкаў на льготнай аснове, паведаміла выконваючая абавязкі галоўнага ўрача ўстановы Інна Ільюшчанка.

Віцебская вобласць прыступіла да паэтапнага ўкаранення электронных рэцэптаў яшчэ да пачатку падобнага эксперыменту ў чатырох мінскіх паліклініках па міністэрскай праграме інфарматызацыі галіны. Новую сістэму з гэтага года ўжываюць віцебская паліклініка №1 і абласны дыягнастычны цэнтр. "Гэта пілотны праект, які рэалізуецца сумесна з прадпрыемствам "Фармацыя". У маі мы ўсталявалі неабходнае праграмнае забеспячэнне для выпіскі рэцэптаў (па форме №1) за поўны кошт. А ў канцы жніўня нашы партнёры ўдасканалілі сістэму, і цяпер электронны рэцэпт распаўсюджваецца і на льготныя лекі. Да таго ж у праграме абноўлены даведнікі, у якіх ёсць карысная для лекара, які прызначае, інфармацыя пра гандлёвыя найменні лекаў, іх дазіроўку і наяўнасць у аптэках. Адзінае адрозненне ад праграмы, якая цяпер распрацавана на рэспубліканскім узроўні, - мы не перайшлі на выкарыстанне пластыкавых картак са штрых-кодамі", - патлумачыла Інна Ільюшчанка.

Сутнасць новаўвядзення ў тым, што ўказанні аб прызначэннях прама на прыёме ўрача заносяцца ў электронную карту і захоўваюцца ў выглядзе штрых-кода. І гэтая ж інфармацыя аўтаматычна становіцца даступнай для ўсіх аптэк Віцебскай вобласці. Дадаткова пацыенту на рукі выдаецца бланк рэцэпту з тым жа штрых-кодам. Гэта ў тым ліку спрашчае працу правізара, паскараючы працэс адпуску лекавых сродкаў. Яму дастаткова адсканаваць штрых-код, і на экране адлюструюцца выпісаныя лекі. Акрамя таго, прысутнічае і зваротная сувязь - інфармацыя аб здзяйсненні пакупкі фіксуецца ў сістэме, і лечачы ўрач можа ў любы момант праверыць, ці набытыя лекі, ці выконвае хворы яго прадпісанні.

"Электронны рэцэпт зручны ў першую чаргу медыцынскім работнікам: упарадкоўвае і паскарае працу. А таксама дазваляе весці кантроль за выпіскай льготных рэцэптаў. Укараніўшы гэту сістэму, мы ўжо пачалі падрыхтоўку пацыентаў да з'яўлення пластыкавых картак з персанальнымі штрых-кодамі. Цяпер толькі чакаем, калі можна будзе падключыцца да цэнтральнага рэспубліканскага рэестра ў Мінску і закупіць карткі для наступнай выдачы ўсім ахвотным", - дадала Інна Ільюшчанка.

Кацярына Князева, БЕЛТА.