Віцебская гарадская цэнтральная бальніца на Маркаўшчыне закрываецца на рамонт

Віцебская гарадская цэнтральная клінічная бальніца ( вул. М. Горкага, 90), што на Маркаўшчыне, зачыняецца на рамонт. З 15 красавіка на час будаўнічых работ усе яе аддзяленні пераводзяцца ў іншыя медустановы абласнога цэнтра. Рэканструкцыю плануецца завяршыць да канца года.

Па словах начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрыя Дзеркача, часовы пераезд аддзяленняў не паўплывае на якасць медыцынскай дапамогі ў Віцебску.

– Такое рашэнне прынята, каб будаўнікі маглі разгарнуцца і хутка ўсё зрабіць, – растлумачыў ён. – Праведзена вялікая падрыхтоўчая праца. Хворыя з адкрытымі формамі туберкулёзу пераведзены з абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера ў Віцебску ў абласную туберкулёзную бальніцу ў Багушэўску, дзе для іх створаны належныя ўмовы. А ў стацыянары дыспансера, дарэчы, там зроблены сучасны рамонт, часова размесцяцца пульманалагічнае, рэанімацыйнае, рэўматалагічнае аддзяленні, прыёмны пакой, лабараторыі бальніцы, якая рэканструюецца. Астатнія аддзяленні на час рамонту размесцяцца ў першай гарадской бальніцы. Галоўнае, што будзе захаваны ўвесь кадравы патэнцыял, не скароціцца ложкавы фонд горада. На рэканструкцыю спатрэбіцца 7,5 млн рублёў, грошы выдзелены.

Па словах Юрыя Мікалаевіча, сродкі ўдалося знайсці за кошт унядрэння высокіх тэхналогій у галіне, што ў сваю чаргу дазволіла паменшыць выдаткі на аказанне медыцынскай дапамогі.

– Напрыклад, ва ўстановах аховы здароўя Віцебшчыны актыўна выкарыстоўваецца абсталяванне для эндаваскулярнай хірургіі, – адзначыў Юрый Дзеркач. – Толькі летась праведзена стэнтаванне сасудаў больш чым у 3 тыс. пацыентаў, а значыць, у іх не развіцца інфаркт або інсульт. Эканомяцца сродкі на іх лячэнні, а часта і суправаджэнні інваліднасці. Аптымізавана структура родапаможнай службы – цяпер жаночыя кансультацыі сталі структурнымі падраздзяленнямі радзільняў, што правільна.

За кошт паляпшэння дыягностыкі злаякасных пухлін у вобласці летась на 3 – 5% вырасла выяўленне ракавых захворванняў на ранніх стадыях, а значыць, зменшыліся выдаткі на дарагія медыкаменты.

Пашырылі сетку афтальмалагічных аддзяленняў па вобласці, аснасцілі іх сучасным абсталяваннем. Цяпер ужо на амбулаторным прыёме многія пацыенты могуць абследавацца і лячыцца.

З мінулага года ўкаранёна лячэнне пацыентаў з вірусным гепатытам С: сёлета пройдзе тэрапію каля 300 чалавек. У цэлым меддапамога зараз становіцца ўсё больш даступнай і якаснай.

Асноўныя будаўнічыя работы на рэканструкцыі бальніцы на вул. Горкага – унутраныя. Знешняя рэнавацыя карпусоў праведзена раней. Плануецца не толькі мадэрнізаваць памяшканні, але і ўсталяваць ва ўстанове сучаснае хірургічнае і тэрапеўтычнае абсталяванне.

"Віцебскія весці".