Віцебская і аршанская малочная прадукцыя будзе пастаўляцца ў расійскі Арэнбург
Віцебскі абласны саюз наймальнікаў (ВАСН) гатовы аказаць арганізацыйна-кансультацыйную дапамогу прадпрыемствам і арганізацыям Прыдзвіння пры прасоўванні ўласных тавараў і паслуг на рынак «сэрца Еўразіі» – так пазіцыянуе сябе расійская Арэнбургская вобласць.
Гэтыя магчымасці з'явіліся дзякуючы ўсталяванню партнёрскіх адносін паміж ВАСН і Арэнбургскім саюзам прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана ў ходзе V Еўразійскага эканамічнага форуму «Арэмбургшчына-2015», які прайшоў у сярэдзіне лістапада.
Як паведаміў «Віцебскім весткам» старшыня ВАСН Уладзімір Туравінаў, аб'яднанні наймальнікаў абласцей узялі на сябе абавязацельствы садзейнічаць усталяванню ўзаемавыгадных сувязей паміж прадпрыемствамі, гандлёва-эканамічных адносін, павышэнню эфектыўнасці арганізацыі дзелавых сустрэч і выставачнх мерапрыемстваў.
– Такім чынам, зроблены першыя крокі на шляху наладжвання карысных і, спадзяюся, доўгатэрміновых адносін паміж дзелавымі супольнасцямі двух рэгіёнаў, якія ў перспектыве могуць перарасці ў інвестыцыйнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, – падкрэсліў Уладзімір Туравінаў.
Удзел у Еўразійскім эканамічным форуме дэлегацыі вобласці на чале з намеснікам старшыні аблвыканкама Уладзімірам Белавусам заклаў для гэтага добрую аснову.
Так, прадстаўнікі ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» правялі перамовы з больш чым 30 патэнцыйнымі партнёрамі, у тым ліку з Казахстана, па пытаннях пастаўкі прадукцыі вядомага віцебскага прадпрыемства, заключэння кантрактаў на пашыў карпаратыўнай адзежы, школьнай формы. УП «Палімерканструкцыя» абмеркавала з кіраўніцтвам расійскай вобласці пытанні забеспячэння мясцовага насельніцтва якаснай пітной вадой, у выніку чаго былі намечаны шляхі ўзаемадзеяння. Вынікам працы на форуме спецыялістаў ААТ «Малако» і «Аршанскі малочны камбінат» сталі заключаныя кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі партнёрам у Арэнбургскую вобласць.
Дэлегацыя Віцебшчыны актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах дзелавога парадку дня, у тым ліку ў міжнароднай выстаўцы інавацыйных праектаў «Эфектыўнасць і якасць» на кансалідаваным стэндзе Беларусі, біржы дзелавых кантактаў і «круглых сталах» па розных напрамках міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. У межах форуму адбылося пасяджэнне сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Арэнбургскай вобласці і Рэспублікі Беларусь, сустаршынёй якой з беларускага боку з'яўляецца кіраўнік канцэрна «Беллегпрам» Мікалай Яфімчык. Па яе выніках вырашана, у прыватнасці, прапрацаваць дадатковыя меры па развіцці супрацоўніцтва ў лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, разгледзець магчымасці адкрыцця склада-крамы па рэалізацыі тавараў беларускага легпрама, а таксама гандлёвага аб'екта СААТ «Белвест».
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».