Віцебская і Пскоўская вобласці плануюць заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай сферы

30 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць і Пскоўская вобласць Расійскай Федэрацыі падрыхтавалі праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Аляксандра Косінца, у Віцебшчыны склаліся добрыя і дзелавыя адносіны з суседнімі рэгіёнамі Расіі - Смаленскай і Пскоўскай абласцямі. Са Смаленшчынай ужо дзейнічае дагавор аб супрацоўніцтве. У апошнія месяцы ўдаецца нарасціць таваразварот з гэтым рэгіёнам і, як спадзяецца губернатар, ён дасягне ў хуткім часе ранейшага ўзроўню ў $70 млн. у год (даныя за 2008 год. - Заўв. БЕЛТА). У Смаленскай вобласці дзейнічае каля сотні прадстаўніцтваў прадпрыемстваў Віцебшчыны, што спрыяе развіццю ўзаемнага гандлю. Таваразварот з Пскоўскай вобласцю ў студзені-верасні 2009 года, па папярэдніх даных, складзе ўсяго $7 млн. Праект пагаднення прадугледжвае яго значнае нарашчэнне. У прыватнасці, гаворка ідзе аб стварэнні сумесным прадпрыемстваў. Адным з першых праектаў можа стаць СП у галіне электравымяральных кампанентаў. Перспектыўным напрамкам сумеснай дзейнасці можа стаць аграпрамысловы комплекс, лічыць Аляксандр Косінец. -0-