Віцебская каманда "Адзінства" выйграла фінальны турнір "Залатой шайбы" ў малодшай узроставай групе

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каманда "Адзінства" з Чыгуначнага раёна Віцебска стала пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у малодшай узроставай групе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Фінальны турнір "Залатой шайбы" у малодшай узроставай групе (11-13 гадоў) завяршыўся сёння ў Салігорску. У паядынку за золата віцебская каманда "Адзінства" з лікам 13:4 узяла верх над "Партызанам", які прадстаўляў аднайменны раён Мінска. У матчы за бронзу каманда "Вымпел" з Чыгуначнага раёна Гомеля абыграла "Парус" з Салігорскага раёна - 4:1. Усяго ў фінальным турніры, які на працягу пяці дзён праходзіў на лёдзе Спартыўна-аздараўленчага комплексу Салігорска, удзельнічалі восем каманд. Сем з іх (па адной ад кожнай вобласці і сталіцы) атрымалі гэта права ў ходзе адборачных спаборніцтваў, якія праводзіліся па ўсёй краіне са снежня па сакавік. Восьмым удзельнікам па традыцыі стала каманда з Расіі. На папярэдняй стадыі фінальнага раунда ўдзельнікі былі падзелены на дзве групы. Па выніках кругавых турніраў у квартэтах адбыліся стыкавыя паядынкі, якія ў заключны дзень вызначылі пераможцу і прызёраў. Выніковае размеркаванне месцаў у фінальным турніры "Залатой шайбы" у малодшай узроставай групе наступнае: 1. "Адзінства" (Чыгуначны раён Віцебска). 2. "Партызан" (Партызанскі раён Мінска). 3. "Вымпел" (Чыгуначны раён Гомеля). 4. "Парус" (Салігорскі раён Мінскай вобласці). 5. "Мухавец" (Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). 6. "Юнацтва" (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). 7. "Судогодец" (Уладзімірская вобласць, Расія). 8. "Тарпеда" (Кастрычніцкі раён Магілёва). Па традыцыі ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі памятныя падарункі і сувеніры ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а пераможцы і прызёры - кубкі ад кіраўніка дзяржавы, а таксама медалі, дыпломы і каштоўныя прызы з рук арганізатараў турніру і хакеістаў каманды экстралігі салігорскага "Шахцёра", якія ў фінальнай серыі плэй-оф змагаюцца з мінскім "Юнацтвам" за золата адкрытага чэмпіянату Беларусі. Юных хакеістаў павіншавалі форварды "Шахцёра" Максім Балмачных і Аляксей Ефіменка. Найлепшым брамнікам турніру прызнаны Ілья Крылоў ("Судогодец"), найлепшым абаронцам - Ілья Коранько ("Парус"), найлепшым нападнікам - Аляксей Салаўёў ("Адзінства"), найлепшым бамбардзірам стаў Аляксандр Мароз ("Адзінства"). Спецыяльны прыз атрымала адзіная дзяўчынка сярод удзельнікаў турніру - капітан каманды "Партызан" Карына Шыпціцкая. Намінацыяй "самы юны ўдзельнік" адзначаны Уладзіслаў Міронаў ("Адзінства"). На наступным тыдні эстафету ў Салігорска пераймае Бабруйск, дзе з 22 па 26 сакавіка пройдзе фінальны турнір "Залатой шайбы" у старэйшай узроставай групе (14-15 гадоў). Матчы адбудуцца на лёдзе 7-тысячнай "Бабруйск-Арэны", а цырымонія адкрыцця фінальных спаборніцтваў намечана на 23 сакавіка (у 12.00). Дэвіз спаборніцтваў: "Сёння - чэмпіянат двара, заўтра - чэмпіянат свету!". Галоўная ўмова і адметная рыса спаборніцтваў - удзел у турніры выключна дваравых каманд. Да спаборніцтваў не дапускаюцца каманды і навучэнцы спецыяльных класаў па хакеі з шайбай, аддзяленняў ДЮСШ, СДЮШАР, ШВСМ, груп падрыхтоўкі пры камандах майстроў па хакеі. А вось шлях з "Залатой шайбы" ў прафесіяналы цалкам магчымы. За матчамі будуць назіраць хакейныя спецыялісты, і самым здольным дзецям будзе прапанавана павышаць сваё майстэрства ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць: рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Прэзідэнцкі спартыўны клуб"; Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі"; Асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь"; грамадскае аб'яднанне "Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў "Мы - дзецям"; грамадскае аб'яднанне "Дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі "Залатая шайба". Генеральны спонсар спаборніцтваў - кампанія "БТ тэлекамунікацыі" закрытага акцыянернага таварыства "БелТэхЭкспарт". Партнёры турніру - Гандлёвы дом БелАЗ, Беларуская калійна кампанія, кампанія "Спорт-пары". Генеральны інфармацыйны партнёр - Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь.-0-