«Віцебская лыжня-2011» сёння збярэ прыхільнікаў актыўнага адпачынку з усёй вобласці
19 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абласное свята "Віцебская лыжня-2011" адбудзецца сёння ў Віцебску ў рамках рэспубліканскага спартыўнага свята "Беларуская лыжня-2011", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.
Галоўнае культурна-спартыўнае свята зімы збярэ аматараў актыўнага адпачынку з усіх рэгіёнаў вобласці ў парку імя Савецкай Арміі. Разностайная праграма дазволіць кожнаму знайсці сабе занятак па душы. Так, жадаючыя прадэманстраваць сваю сілу, спрыт, хуткасць змогуць паспаборнічаць у перацягванні каната, армрэслінгу, гіравым спорце, дартсе, праходжанні паласы перашкод, пагуляць у міні-футбол на снезе. Прыхільнікам інтэлектуальных спаборніцтваў будзе прапанавана разыграць партыю ў шашкі або шахматы. Аднак галоўным відам спорту ў гэты дзень, вядома ж, будуць лыжныя спаборніцтвы.
Удзельнікі свята, не закранутыя ваяўнічым духам суперніцтва, таксама змогуць выдатна правесці час. Для іх будуць арганізаваны паказальныя выступленні дэсантнікаў, супрацоўнікаў МНС, конна-спартыўнай школы "Пягас", канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці, розыгрыш латарэі, катанне на конях або палёт над Віцебскам. Аматараў экстрыму чакаюць віцебскія маржы, якія, нягледзячы на 20-градусны мароз, акунуцца ў ледзяную ваду. Такім чынам, кожны госць свята будзе забяспечаны вясёлым настроем і зарадам бадзёрасці, запэўнілі ў аддзеле культуры.-0-