Віцебская маляванка і смаленская бяроста: што аб'ядноўвае народных майстроў Беларусі і Расіі?
Народная творчасць – гэта душа народа. Яна заснавана на пераемнасці, традыцыях, культурнай ідэнтычнасці. Захоўваючы нацыянальныя карані, яна ўбірае ў сябе рысы іншых культур, блізкіх тэрытарыяльна і духоўна. Асабліва ярка гэта выяўляецца ў творах народных майстроў Беларусі і Расіі, якія пастаянна арганізуюць сумесныя выстаўкі, конкурсы, майстар-класы.
– Цеснае супрацоўніцтва ў нас наладжана са Смаленскай, Пскоўскай, Курскай абласцямі. Праводзім сумесныя і абменныя выстаўкі, на якіх стараемся прадставіць унікальныя народныя промыслы. У майстроў шмат агульнага, але ёсць і самабытнае рамяство, як, напрыклад, беларуская маляванка і расійская бяроста, – распавядае дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука.
Так, смаляне прывозілі ў Віцебск работы з дрэва, косці, пер’я, тэкстылю, а нашы здзіўлялі расіян саломкай, выцінанкай, беларускай лялькай. На жаль, сёлета традыцыйная красавіцкая абменная выстаўка не зможа адбыцца, але яна, як запэўніла Кацярына Лабука, абавязкова будзе, калі дазволіць сітуацыя з пандэміяй. Гэта тычыцца і выступленняў калектываў народнай самадзейнасці дзвюх краін, якія часта прыязджаюць адзін да аднаго на святы.
Расіяне прызнаюць, што ў Беларусі больш сістэматызавана праца па адраджэнні народнага мастацтва, значную ролю ў гэтым адыгрываюць дамы рамёстваў, чаго ў нашых суседзяў няма. Таму яны з вялікай цікавасцю знаёмяцца з вопытам работы гэтых устаноў культуры.
– З расійскімі калегамі мы абменьваемся метадычнымі матэрыяламі, дапамагаем адзін аднаму ў зборы цікавай інфармацыі. У прыватнасці, пасябравалі з краязнаўчым музеем у Вялікіх Луках Пскоўскай вобласці, у фондах якога змаглі знайсці ўзоры народнага касцюма прыгранічных тэрыторый. Расіяне прыязджалі да нас на прэзентацыю кнігі пра традыцыйнае адзенне Віцебшчыны. А цяпер задумалі сумесны праект на 2022 год – экспазіцыю, прысвечаную партызанскаму руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З нашага боку гэта будзе погляд праз народную творчасць у творах майстроў, самадзейных мастакоў, – тлумачыць Кацярына Пятроўна.
Традыцыйная сустрэча майстроў запланавана ў гэтым годзе на «Славянскім базары ў Віцебску». Абвешчаны і вялікі збор барабаншчыц і мажарэтак на IV Міжнародны фестываль-конкурс, які адбудзецца ў рамках юбілейнага форуму мастацтваў. Летась з-за пандэміі яго давялося прапусціць. А сёлета ўсе (і ўдзельнікі, і гледачы) чакаюць гэтае маляўнічае шоў, у якім, па папярэдніх падліках, возьмуць удзел больш за 700 барабаншчыц і мажарэтак з Беларусі і Расіі.
Як адзначыла Кацярына Лабуко, цяпер поўным ходам ідзе падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства. У дваццатых чыслах красавіка адбудзецца абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў і ўдзельніц ансамбляў барабаншчыц і мажарэтак. На ім у рэжыме анлайн выступіць старшыня міжрэгіянальнай Федэрацыі батон твірлінга і мажарэтак Ірына Вайцяхоўская з Масквы. Майстар-клас правядзе член судзейскай калегіі міжнароднай арганізацыі па спорце ФБТМ, мастацкі кіраўнік узорнай школы-студыі мажарэтак «Бівілі» і Drum-студыі барабаншчыц «Акцэнт» Алена Асмолоўская з горада Кімры Цвярской вобласці.
Дарэчы, зводны ансамбль барабаншчыц Віцебскай вобласці адзіны ў Беларусі складаецца ў Сусветнай арганізацыі мажарэтак. Нягледзячы на складанасці, якія не дазвалялі амаль два гады праводзіць вочныя сустрэчы, наш калектыў прымаў удзел у анлайн-канцэрце «Мажарэткі. Лепшае», арганізаваным аргкамітэтам міжнароднай федэрацыі, у фестывалі «Зімовыя ўзоры» ў Маскве, запрошаны на анлайн-конкурс «Прыбалтыйскі парад» у Калінінградзе. Таксама ансамблі барабаншчыц і мажарэтак рыхтавалі сумесныя віншавальныя відэакліпы да Дня Расіі і Дня Незалежнасці Беларусі. А выканаўцы і калектывы мастацкай самадзейнасці Віцебшчыны запісалі нумары да свята Перамогі і Дня маці, якія дэманстравалі падчас канцэртаў у Смаленску.