Віцебская міліцыя робіць крок насустрач жыхарам вобласці
27 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Наступны 2010 год пройдзе для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Віцебскай вобласці пад дэвізам "Крок насустрач", расказаў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка.
На працягу года супрацоўнікі міліцыі маюць намер дайсці да кожнага жыхара рэгіёна, незалежна ад таго, дзе ён пражывае - у буйным горадзе ці ў аддаленай вёсцы. "Жыллёвы сектар будзе адпрацаваны на 100%", - падкрэсліў Аляксандр Найденка. Паводле яго слоў, мэта гэтай акцыі - расказаць, як і чым жыве міліцыя сёння, пачуць з першых вуснаў, што турбуе жыхароў, якую дапамогу яны разлічваюць атрымаць ад праваахоўных органаў. Такім чынам, супрацоўнікі міліцыі спадзяюцца, што наладжванне кантактаў з насельніцтвам дапаможа ў прафілактыцы злачынстваў і будзе спрыяць росту даверу грамадзян.
Як адзначыў Аляксандр Найденка, у мінулым годзе 35 жыхароў вобласці былі заахвочаны кіраўніцтвам УУС за садзейнічанне органам унутраных спраў у раскрыцці злачынстваў.
Разам з тым, па выніках маніторынгу грамадскай думкі ў 2009 годзе ў вобласці ўзровень поўнага даверу насельніцтва міліцыі склаў 36,6%. Эфектыўныя меры па забеспячэнні правапарадку, абароне правоў і свабод грамадзян сфарміравалі высокі ўзровень поўнага даверу насельніцтва міліцыі ў Лепельскім, Сенненскім, Гарадоцкім, Дубровенскім раёнах.-0-