Віцебская міліцыя прапануе скараціць час працы начнх клубаў і бараў
Віцебская міліцыя прапануе скараціць час працы забаўляльных устаноў (начных клубаў, бараў і інш.). Такую ініцыятыву агучыў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Ігар Скорынавіч на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у рэгіёне.
Ігар Скорынавіч падкрэсліў, што весці эфектыўную прафілактычную працу ў дачыненні да цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян немагчыма без выкаранення фактараў, якія негатыўна ўплываюць на стан грамадскай бяспекі.
"У выніку раней прынятых мер фактычна быў устранены адзін з такіх фактараў, які вядзе да алкагалізацыі насельніцтва і нясе сур'ёзную пагрозу стану правапарадку, - гандаль алкаголем у начны час у крамах", - адзначыў прадстаўнік УУС. Цяпер на тэрыторыі вобласці кругласутачны гандаль спіртнымі напоямі ажыццяўляецца толькі ў адной краме ў Лепелі і на 43 аўтазаправачных станцыях. "Гэтыя месцы нароўні з забаўляльнымі ўстановамі фарміруюць негатыўныя перадумовы для здзяйснення правапарушэнняў. Наша пазіцыя застаецца нязменнай - неабходна забараніць гандаль спіртным на АЗС з 22.00 да 8.00. Таксама мы хадайнічаем аб скарачэнні рэжыму працы забаўляльных устаноў, каб з панядзелка па чацвер і ў нядзелю яны зачыняліся ў 24 гадзіны", - сказаў Ігар Скорынавіч.
Ён аргументаваў гэту пазіцыю тым, што штоквартальна ў міліцыю паступае некалькі соцень званкоў аб парушэнні
грамадскага парадку, прычыненні цялесных пашкоджанняў і здзяйсненні злачынстваў маёмаснага характару ў падобных забаўляльных установах і на прылеглых да іх тэрыторыях. Акрамя таго, за здзяйсненне розных правапарушэнняў з такіх месцаў у тэрытарыяльныя аддзелы штотыдзень дастаўляецца каля 50 дэбашыраў, з якіх палова знаходзіцца ў моцнай стадыі алкагольнага ап'янэння. Начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Віктар Сянько таксама падкрэсліў, што злачынствы супраць жыцця і здароўя грамадзян у асноўным здзяйсняюцца на глебе п'янства (больш за 70% забойстваў здзейснены асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янэння).
"У стане ап'янэння чалавек падвержаны прыступам некантралюемай агрэсіі, узнікаюць раптоўныя сваркі, і завяршаецца ўсё трагедыяй. Гэта прадухіліць проста немагчыма. Знізіць колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў, не вырашаючы праблему п'янства, немагчыма", - перакананы ён. Развіваючы тэму абмежавання часу працы начных клубаў, бараў начальнік УУС адзначыў, што маніторынгі выяўляюць у такіх установах велізарную колькасць парушэнняў. "Нараканні выклікае і праца аховы, якая проста выдварае дэбашыраў за дзверы, не паведамляючы аб бойцы ў міліцыю. У выніку атрымліваем хуліганства, рабаванні, разбой, - канстатаваў Віктар Сянько. - Такіх устаноў каля 10, адно з самых праблемных - кафэ-клуб "Збор".
Мы прасілі іх навесці парадак, але нас не пачулі". Памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, які прымаў удзел у пасяджэнні, адзначыў, што сітуацыю павінны выпраўляць заснавальнікі і кіраўнікі падобных устаноў. "Ім варта паведамляць інфармацыю аб злачынствах і іншых парушэннях, даваць час для выпраўлення. І калі гэта не дало выніку, тады мясцовы выканаўчы орган
мае права скараціць час працы ўстановы\", - сказаў Аляксандр Пазняк.
Алена Ціханава - БЕЛТА.