Віцебская міліцыя спыніла незаконны вываз цялятаў і ўвоз дызпаліва

Жыхар Аршанскага раёна, не маючы ветэрынарных дакументаў, спрабаваў вывезці ў Расію 11 цялят, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.

Аўтамашыну "ГАЗ" пад кіраваннем непрацуючага жыхара Аршанскага раёна затрымалі 9 снежня паблізу вёскі Заольша Лёзненскага раёна. Як растлумачыў кіроўца, праз Дубровенскі раён, па трасе на Маскву, ён ехаць пабаяўся, бо там можна "натрапіць" на супрацоўнікаў міліцыі. Вырашыў паспрабаваць трапіць у Расію праз Лёзна. Аднак тут яго спынілі супрацоўнікі мабільнай групы.

Супрацоўнікі ветэрынарнай станцыі склалі адміністрацыйны пратакол за адсутнасць ветэрынарнага пасведчання. Праводзіцца праверка.

У гэты ж дзень затрымалі і гамяльчаніна, які вёз з Расіі 900 літраў дызельнага паліва на суму 10,3 млн рублёў. Недалёка ад мяжы - на аўтадарозе Брэст - Мінск - мяжа Расійскай Федэрацыі, паблізу вёскі Засценкі Дубровенскага раёна - дзяжурылі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія і спынілі кіроўцу для праверкі дакументаў.

У дачыненні да жыхара Гомеля складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 3 арт. 12.30 КоАП Беларусі. Груз канфіскаваны.