Віцебская міліцыя праводзіць праверку па факце падробкі падпісных лістоў у падтрымку В.Правальскага
10 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска праводзіць праверку па факце падробкі падпісных лістоў у падтрымку вылучэння Уладзіміра Правальскага кандыдатам у Прэзідэнты. Аб гэтым сёння паведаміла старшыня Першамайскай раённай у горадзе Віцебску камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольга Максімовіч на пасяджэнні абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вольга Максімовіч растлумачыла, што ў раённую камісію было прадстаўлена 6 798 падпісных лістоў у падтрымку гэтага прэтэндэнта. Пры візуальным праглядзе лісты адразу ж выклікалі вялікі сумнеў у іх сапраўднасці, бо былі падобныя на ксеракопіі, у многіх з іх утрымліваліся аднолькавыя звесткі на адных і тых жа людзей. Членыຈາກбркома склалі акт і перадалі ўсе лісты на экспертызу, якую правёў экспертна-крыміналістычны цэнтр пры УУС аблвыканкама. Па яе выніках было ўстаноўлена, што ўсе падпісныя лісты выраблены спосабам электрафатаграфіі пры сухім праяўленні і тэрмасілавым замацаванні выявы на капіравальна-множніцкай тэхніцы. "Камісія накіравала зварот у пракуратуру Першамайскага раёна па факце падробкі падпісных лістоў, якая ў сваю чаргу даручыла правесці праверку раённаму аддзелу ўнутраных спраў", - паведаміла Вольга Максімовіч. Усе подпісы ў падтрымку вылучэння Уладзіміра Правальскага кандыдатам у Прэзідэнты, сабраныя на тэрыторыі Першамайскага раёна Віцебска, прызнаны несапраўднымі, адзначыла яна.
Па словах старшыні аблвыбаркама Вячаслава Крукiўскага, ініцыятыўная група Уладзіміра Правальскага здала ў пяць тэрытарыяльных камісій па вобласці падпісныя лісты з больш чым 108 тыс. подпісаў, пры гэтым пераважная большасць падпісных лістоў паступіла ў Першамайскую раённую у Віцебску выбарчую камісію. У выніку папярэдняй праверкі амаль усе подпісы аказаліся ксеракопіяваныя і не ўлічваліся пры праверцы іх дакладнасці. З 687 правераных подпісаў прызнаны дакладнымі толькі 118, пры гэтым сабраныя подпісы ў Кастрычніцкім раёне Віцебска і Віцебскім раёне таксама не ўлічваліся пры вызначэнні агульнага выніку збору, бо сумарная колькасць несапраўдных подпісаў, выяўленых пры праверках, склала больш за 15% агульнай колькасці подпісаў у падпісных лістах, прадстаўленых у тэрытарыяльныя камісіі гэтых раёнаў.-0-