Віцебская міліцыя з 2 ліпеня на два тыдні пераходзіць на ўзмоцнены рэжым нясення службы

1 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская міліцыя з 2 ліпеня на два тыдні пераходзіць на ўзмоцнены рэжым нясення службы, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка. "З 2 па 16 ліпеня ў сувязі з правядзеннем урачыстасцей з нагоды Дня незалежнасці і міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены рэжым работы", - сказаў ён. На час фестывалю супрацоўнікам праваахоўных органаў вобласці будуць аказваць дапамогу мінскі атрад міліцыі спецыяльнага прызначэння, салдаты ўнутраных войскаў. Пытанні з размяшчэннем іншагародніх супрацоўнікаў ужо вырашаны. Па словах Аляксандра Найденкі, міліцыя забяспечана неабходнай колькасцю транспарту, тэхнічнымі сродкамі. У сувязі з павелічэннем колькасці канцэртных пляцовак узрасце і колькасць рэжымна-пропускных зон, таму для зручнасці гледачоў колькасць кантрольна-прапускных пунктаў узрасце да 28. Летась іх было 18. Да фестывалю ў месцах масавага знаходжання людзей у цэнтры горада з'явяцца 50 новых відэакамер, з дапамогай якіх будзе весціся назіранне за парадкам на гэтых тэрыторыях. У жылых мікрараёнах і на ўскраінах будзе павялічана колькасць патрулёў, прычым як пешых, так і аўтамабільных. Аляксандр Найденка адзначыў, што статыстыка ў дні фестывалю на працягу многіх гадоў паказвае зніжэнне колькасці ўсіх відаў злачынстваў. "Ахова грамадскага парадку і на цяперашнім фестывалі будзе забяспечана", - запэўніў начальнік УУС.-0-