Віцебская міліцыя ў 2011 годзе ўшчыльную зоймецца прафілактыкай крадзяжоў
25 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская міліцыя ў 2011 годзе ўшчыльную зоймецца прафілактыкай крадзяжоў. Аб буйнамаштабнай акцыі, накіраванай на зніжэнне крадзяжоў усіх відаў уласнасці, распавёў сёння журналістам начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найденка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На працягу ўсяго года супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць удзяляць самую пільную ўвагу процідзеянню і спыненню гэтых правапарушэнняў. З гэтай мэтай запланавана правядзенне рэйдавых праверак на сельгаспрадпрыемствах, будаўнічых аб'ектах. Значная роля ў гэтай рабоце адводзіцца і ўзаемадзеянню супрацоўнікаў міліцыі з насельніцтвам. У сувязі з гэтым Аляксандр Найденка заклікаў усіх жыхароў рэгіёна больш актыўна супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі для выяўлення і раскрыцця крадзяжоў.
Асаблівая ўвага ў 2011 годзе будзе ўдзелена прафілактыцы дачных крадзяжоў. Найбольшая іх колькасць фіксуецца ў Віцебскім, Аршанскім і Полацкім раёнах, дзе сканцэнтраваны садовыя таварыствы. Усяго ў 2010 годзе ў вобласці здзейснена 630 крадзяжоў з дачных дамоў. Пры гэтым практычна кожная пятая з іх - у Віцебскім раёне, дзе зарэгістравана 165 садовых таварыстваў, якія ўключаюць 21 тыс. участкаў.
Эфектыўна процістаяць такім крадзяжам магчыма толькі пры арганізацыі цеснага супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых бакоў. З гэтай мэтай сёння ў Віцебску адбылася першая сустрэча работнікаў праваахоўных органаў і кіраўнікоў садовых таварыстваў, падчас якой абмяркоўваліся ўсе "балючыя" пытанні дачнікаў, магчымасці павышэння абароны іх маёмасці. Важным крокам у гэтым напрамку стане і акцыя Віцебскага РАУС "Захаванасць маёмасці на дачы - агульная задача", якая стартуе ў лютым. У межах яе правядзення супрацоўнікі міліцыі плануюць правесці абследаванне дачных кааператываў, сустрэцца з іх кіраўнікамі.-0-