Віцебская вобласць будзе развівацца пад знакам ініцыятывы, інвестыцый і інавацый - А.Косінец
Ініцыятыва, інвестыцыі і інавацыі стануць ключавымі фактарамі развіцця эканомікі Віцебскай вобласці ў найбліжэйшую пяцігодку. Заявіў на ўрачыстай цырымоніі прысваення ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" старшыня Віцебскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лаўрэатамі ганаровага звання сталі сто жыхароў Віцебскай вобласці - людзі розных прафесій, з гарадоў і вёсак. Іх усіх аб'ядноўваюць высокі прафесіяналізм і бязмежная адданасць сваёй краіне. Шмат у чым дзякуючы намаганням гэтых людзей Віцебскай вобласці ўдалося дасягнуць высокіх вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. "Гэта маякі, на якія павінны раўняцца ўсе", - падкрэсліў губернатар.
У 2010 годзе тэмп росту прамысловай вытворчасці склаў 117% да ўзроўню 2009 года, пабудавана 618 тыс. кв. м жылля. Аднак у 2011 годзе стаяць больш напружаныя задачы. У прыватнасці, тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі плануецца на ўзроўні 120%, выпуск інавацыйнай прадукцыі павінен скласці 21% у агульным аб'ёме. Рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці павінна скласці 15%, у аграпрамысловым комплексе - не менш за 10%. Поспех рэгіёну залежыць ад працы кожнага жыхара - прадукцыйнасць працы неабходна падвоіць, каб дамагчыся пастаўленых вынікаў, сказаў Аляксандр Косінец.
Разам з тым будзе ўзмоцнена і матывацыя працы. Напрыклад, аблвыканкам ужо разглядае магчымасць у наступным годзе ўладальнікаў ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" узнагароджваць аўтамабілямі.
Дастойным прыкладам для пераймання служаць цяперашнія лаўрэаты звання "Чалавек года Віцебшчыны" - працаўнікі вёскі, рабочыя, настаўнікі, кіраўнікі, журналісты, дзеячы мастацтва і культуры, навукоўцы, спартсмены, прадпрымальнікі. Сярод лаўрэатаў дырэктар паспяховага прадпрыемства лёгкай прамысловасці ААТ "Сцяг індустрыялізацыі" Вольга Белянкова, Аляксандр Зезюлін - адзін з нямногіх мужчын, якія вырашыліся ўзяць у рукі даільны апарат і пайсці працаваць на ферму аператарам машыннага даення. Ён працуе ў ААТ "Новыя Гараны" (Полацкі раён), у 2010 годзе надоіў ад адной каровы 9,8 тыс. кг малака, прычым толькі гатункам "экстра". Ганаровага звання ўдастоена дырэктар і саўладальніца прыватнага прадпрыемства "Любава-Люкс" Любоў Малышава. Кіраванае ёю прадпрыемства ў 2010 годзе на 70% павялічыла экспарт прадукцыі - трыкатажных вырабаў. А яшчэ прадпрымальніца вядомая сваёй дабрачыннасцю - "Любава-Люкс" шэфствуе над Наваполацкім дзіцячым домам.
Цырымонія ўзнагароджання праходзіць у вобласці трэці раз. Лепшыя людзі рэгіёну атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў, ганаровыя знакі і грунтоўную грашовую прэмію. Акрамя таго, бігборды з іх фотаздымкамі на працягу ўсяго года будуць упрыгожваць населеныя пункты вобласці.-0-