Віцебская вобласць будзе імкнуцца стаць лідарам у АПК Беларусі - А.Косінец
23 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская вобласць будзе імкнуцца заняць лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі. Аб гэтым сёння заявіў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас сустрэчы з членамі дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2010", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У вобласці распрацавана праграма развіцця аграпрамысловага комплексу на 2011-2015 гады, якая прадугледжвае стварэнне ўмоў, што забяспечваюць павышэнне эканамічнай эфектыўнасці АПК, у першую чаргу за кошт фарміравання ўстойлівай рэнтабельнай вытворчасці. Аснова паспяховай рэалізацыі планаў закладзена ў апошнія 1,5 года, лічыць Аляксандр Косінец. У вобласці праведзена тэхпераўзбраенне машынна-трактарнага парку, за гэты час набыта больш за 7 тыс. адзінак тэхнікі. Сёння на палях працуюць 850 энергонасычаных трактароў, каля 1 тыс. новых камбайнаў, і гэту працу плануецца працягнуць. "Маючы такую энергонасычаную тэхніку, нам трэба будзе сур'ёзна папрацаваць над павышэннем контурнасці палёў", - паставіў задачу кіраўнік вобласці.
Усяго па праграме "Чыстыя палі" неабходна ачысціць ад хмызнякоў каля 100 тыс.га, што ў перспектыве дасць магчымасць атрымліваць штогадовую эканомію толькі на паліве ў памеры каля Br70 млрд., і ў канчатковым выніку мець прыбытак, знізіць сабекошт сельгаспрадукцыі. "Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб ужо ў будучым годзе праводзіць сяўбу яравых культур на зусім новых падрыхтаваных плошчах", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.
Праведзеная ў апошнія гады праца па павышэнні эфектыўнасці АПК дазваляе вобласці імкнуцца да збору ўраджаю на ўзроўні 2 млн.т. Ужо ў будучым годзе неабходна дабівацца ўраджайнасці на ўзроўні не менш як 40-50 ц/га. "Для гэтага ў вобласці ёсць усё неабходнае, трэба толькі працаваць якасна і высокатэхналагічна, таму працаўнікі вёскі з'яўляюцца нашым галоўным капіталам у вырашэнні пастаўленых задач", - лічыць старшыня аблвыканкама.
У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2010" - больш за 100 хлебаробаў і механізатараў, кіраўнікоў раёнаў і гаспадарак, заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, у тым ліку больш за 60 пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў, рэспубліканскага агляду-конкурсу "Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў" у розных намінацыях.-0-