Віцебская вобласць дэлегуе на Еўрагульні-2019 сваіх атлетаў, валанцёраў і іншых удзельнікаў
Маштабнасць маючай адбыцца падзеі ўражвае: звыш 4 тыс. спартсменаў з больш чым 50 краін Еўропы, 23 дысцыпліны, 10 дзён напружанай барацьбы за званне лепшага, амаль 200 камплектаў медалёў, 18 тыс. акрэдытаваных удзельнікаў, звыш 24 тыс. валанцёраў. Па маштабе яна набліжаецца да зімовых Гульняў у Пхёнчхане. Для спартсменаў Еўрагульні – шанец атрымаць пуцёўку на Алімпіяду-2020 у Токіо.
Начальнік упраўлення па камунікацыях і сувязях з грамадскасцю і СМІ фонду «Дырэкцыя IIЕўрапейскіх гульняў 2019 года» Аляксей Багдановіч завострыў увагу на тым, што даўно стартаваў продаж білетаў анлайн і ў гарадах рэспублікі, а на некаторыя фінальныя спаборніцтвы найбольш папулярных відаў спорту (гімнастыка, пляжны футбол, каратэ) яны прададзены ўжо на 50%.
Дырэкцыя пастаралася зрабіць цэны дэмакратычнымі – ад 5 да 50 рублёў. На самыя запатрабаваныя відовішчы – цырымоніі адкрыцця і закрыцця – кошт месца для гледача складае 150 – 300 рублёў і 70 – 150 рублёў адпаведна.
Замежнікам білеты даюць магчымасць з 10 чэрвеня па 10 ліпеня знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі без візы, прычым незалежна ад таго, якім відам транспарту прыбылі госці з-за мяжы. Дадзены факт адзначылі, напрыклад, у Празе прадстаўнікі чэшскага Алімпійскага камітэта і выказалі зацікаўленасць не толькі ў афіцыйным візіце зборнай краіны, але і арганізацыі экскурсійных тураў для заўзятараў.
Што тычыцца зручнасці гледачоў, то, у прыватнасці, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаны асобныя зоны, у тым ліку месцы для інвалідаў-калясачнікаў і сабак-павадыроў.
Акрамя таго, гэтых асоб будуць суправаджаць валанцёры, так што камфортнае знаходжанне на стадыёнах будзе забяспечана для кожнага. Аляксей Багдановіч распавёў, што падчас закрыцця ўсе гледачы на стадыёне стануць удзельнікамі грандыёзнага шоу, і гэта яшчэ адна нагода асабіста пабываць на фінале Еўрагульняў.
Дапамога валанцёраў на такім мерапрыемстве неацэнная, адзначыў начальнік па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду Максім Кошкалда. Ужо зараз ухвалена 24 тыс. заявак, і яны працягваюць паступаць. Беларусы, расіяне, украінцы, англічане, амерыканцы, малайзійцы – геаграфія валанцёрскага руху шырокая.
Вядома, галоўным крытэрыем пры адборы было валоданне замежнай мовай, але таксама важны жаданне дапамагаць іншым і навыкі камунікацыі. Некаторыя з нашых суайчыннікаў атрымалі досвед валанцёрства на нядаўнім чэмпіянаце свету па футболе ў Расіі, што несумненна дапаможа ім і на Еўрагульнях.
Паколькі для краіны гэта не толькі спартыўнае, але і вялікае культурнае мерапрыемства, не застануцца ўбаку і рэгіёны. Так, на Віцебшчыну эстафета полымя міру, якая пачнецца ў Рыме 3 мая, прыбудзе 24 мая і працягнецца да 29-га чысла.
Сярод факеланосцаў, а ўсяго іх у эстафеце каля 450, можна будзе ўбачыць праслаўленых прыдзвінскіх спартсменаў – Вячаслава Ганчарова і Вадзіма Дзевятоўскага.
Таксама полымя міру будуць перадаваць з горада ў горад зоркі эстрады, педагогі, прадстаўнікі працоўных калектываў.