Віцебская вобласць павінна істотна павысіць інвестыцыйную актыўнасць – Уладзімір Андрэйчанка
Віцебская вобласць павінна надаць сур'ёзную ўвагу нарошчванню інвестыцыйнай актыўнасці, у тым ліку актывізаваць работу па прыцягненні замежных інвестыцый, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Інвестыцыі - гэта ключавы паказчык развіцця рэгіёну, гэта будучыня кожнага раёна, любога працоўнага калектыву", - падкрэсліў спікер. Разам з тым па выніках 2018 года Віцебская вобласць адзіная ў краіне не выканала заданне па прыцягненні прамых замежных інвестыцый, тады як іншыя рэгіёны значна больш эфектыўна працуюць у гэтым напрамку, канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка. Менш вынікова Віцебская вобласць спрацавала і ў цэлым па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал, прычым такая тэндэнцыя захоўваецца па выніках студзеня 2019 года.
Сярод пытанняў, на якія ў Віцебскай вобласці варта звярнуць асаблівую ўвагу, Уладзімір Андрэйчанка вылучыў неабходнасць трымаць пад пастаянным кантролем работу па павышэнні ўзроўню развіцця адстаючых раёнаў. Трэба ўдасканальваць узаемадзеянне з малым і сярэднім бізнесам, з улікам вопыту перадавых у гэтым аспекце рэгіёнаў карэктаваць метады працы па вызваленні дзелавой ініцыятывы. Нямалы рэзерв для развіцця эканомікі хаваецца ва ўцягванні ў абарот невыкарыстоўваемай нерухомасці, якая прыходзіць у непрыдатнасць. Магчыма, у гэтым аспекце варта змяніць падыходы: прывесці ў парадак і мадэрнізаваць пустыя будынкі за кошт мясцовага бюджэту і ў наступным здаваць памяшканні ў арэнду, што забяспечыць дадатковыя і пастаянныя даходы зноў жа ў бюджэт, адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Аналізуючы вынікі работы Віцебскай вобласці за 2018 год, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што рэгіён у цэлым прасунуўся наперад, выйшаў на станоўчую дынаміку па шэрагу паказчыкаў. Так, вобласць дабілася прыбаўкі ў 2,2% па валавым рэгіянальным прадукце, адзіная з рэгіёнаў спрацавала з плюсам па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, прамысловасць дадала ў вытворчасці прадукцыі 8,6%, экспарт паслугпрырос на 33%. То бок, падмурак для руху наперад створаны, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Аднак па выніках трох гадоў пяцігодкі Віцебская вобласць не выконвае такі ключавы паказчык, як тэмп росту ВРП. Таму за два гады, што засталіся, трэба надаць гэтаму пытанню павышаную ўвагу. Акрамя таго, на працягу шэрагу гадоў падае ўдзельная вага Віцебскай вобласці ў рэспубліканскім аб'ёме прамысловай вытворчасці, які склаў 15,1% па выніках 2018 года (у 2010 годзе - 17,5%). Летась вырасла на 13% колькасць стратных прамысловых прадпрыемстваў. Гэтыя і іншыя паказчыкі сведчаць, што ў рэгіёне трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат для рэальнага аздараўлення эканомікі, лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў.