Віцебская вобласць – адзіная з Беларусі ўступіла ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны
Еўрапейская сетка кулінарнай спадчыны – гэта ініцыятыва, накіраваная на папулярызацыю нацыянальных кулінарных асаблівасцей, традыцыйных рэцэптаў і страў, выкарыстанне мясцовых прадуктаў пры іх прыгатаванні. Сёння ў сетцы прадстаўлены больш за 1200 сядзіб, рэстаранаў і кафэ з 32 еўрапейскіх рэгіёнаў, уключаючы вобласці Германіі, Даніі, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Украіны і Швецыі. Ад Беларусі ў ЕСКС уступіла пакуль што толькі Віцебская вобласць.
Размешчаная ва ўнікальным турыстычным рэгіёне "Бела Дзвіна" Віцебшчына далучылася да сеткі ў 2013-м, дзякуючы праекту "BellaCuisine". Партнёрам і каардынатарам праектнай дзейнасці па Беларусі з'яўляецца фонд "Інтэракцыя". Дадзеная ініцыятыва на 90% фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Агульны бюджэт складае 483 195 еўра (6 693 367 350 бел.руб.). Праект накіраваны на папулярызацыю кулінарнай спадчыны і развіццё гастранамічнага турызму ў Прыдзвінне і латвійскай Латгаліі, якая ў гэтым годзе адзначае 10-гадовы юбілей працы ў сетцы. Гэты рэгіён прывабны не толькі непаўторнымі прыроднымі ландшафтамі, але і добрымі, спагадлівымі людзьмі, майстрамі на ўсе рукі. А рэцэпты традыцыйных страў і напояў гаспадынь двух памежных абласцей даволі падобныя. Што вельмі важна, у іх прыгатаванні выкарыстоўваюцца толькі мясцовыя экалагічна чыстыя прадукты.
Чым прывабна сяброўства ў ЕСКС? Фотаздымкі страў і іх рэцэпты размяшчаюцца на сайце www.culinary-heritage.com. Такім чынам, пра існаванне сядзіб і іншых аб'ектаў, звязаных з гасцінным і турыстычным бізнесам, паслугах, якія аказваюцца імі, і фірмовых пачастунках можа даведацца мноства людзей з розных куткоў свету. Да прыкладу, філіял РВУП "Віцебскхлебпрам" Глыбоцкі хлебазавод прадастаўляе гасцям магчымасць пазнаёміцца з прадпрыемствам і ацаніць яго прадукцыю. Спецыяльная прапанова - "Пряник сувенирный Глубокский" вагой 0,5 кг у пакаванні. Гатуецца з мукі пшанічнай 1-га ці 2-га гатунку з даданнем цукру, цукровага бурштынавага мёду, маргарыну, курыных яек і іншай сыравіны з начынкай з павідла, сушанай слівы і горкай настойкі. На паверхні, глазураванай сіропам, - рэльефны малюнак і надпіс "Глубокое".
У аграсядзібы "Бяседа", якая знаходзіцца ў вёсцы Пунішча за 18 км ад Лепеля, свае асаблівасці. Дамок размешчаны ў маляўнічым месцы, вакол лес, побач два азёры. На прысядзібнай тэрыторыі вырошчваюцца клубніцы, парэчкі, маліны, чарніцы. Маецца пчаліная пасека. Гаспадары з задавальненнем пачастуюць гасцей рознымі прысмакамі. Адзін з іх - "Наліснікі" (бліны з тварагом).
Рэцэпт: Развесці бліннае цеста і спячы з яго бліны. Прыгатаваць з тварагу з даданнем яйка, мёду ці цукру (можна дадаць разынкі) масу, якой начыніць гатовыя бліны. Затым наліснікі абсмажваюцца на алеі і падаюцца да стала са смятанай ці мёдам.
Гаспадарка традыцыйнага рэгіянальнага земляробства і агратурызму "Люкжына" у Лепельскім раёне пазнаёміць жадаючых з прыгатаваннем фірмовых "Калдуноў".
Рэцэпт: Бульбу нацерці на дробнай тарцы. Адціснуць, сфармаваць ляпешкі, унутр дадаць дробна нарэзаную свініну са спецыямі (перац, лаўровы ліст, соль па густу), абсмажыць на сланечнікавым алеі да гатоўнасці. Падаваць са смятанай.
Як стаць удзельнікам ЕСКН? У сетку першапачаткова ўступае цэлы рэгіён. Так, у Віцебскай вобласці дагавор аб уступленні падпісвалі прадстаўнікі аблвыканкама. Затым да працы прыцягваюцца сядзібы, кафэ і іншыя прадпрыемствы харчавання. Чым больш удзельнікаў ад рэгіёна ў сетцы, тым меншы іх індывідуальны гадавы ўнёсак.
Надзея Фондарэнка, "Віцебскія весці"