Віцебская вобласць гатова да пасяўной кампаніі - Леанід Анфімаў

Віцебская вобласць гатова да пасяўной кампаніі. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, які ўжо другі дзень інспектуе гаспадаркі Віцебскай вобласці. Размова з журналістамі адбылася ў ААТ "Новыя Гараны" Полацкага раёна. Акрамя гэтага, у маршруце Леаніда Анфімава сельгаспрадпрыемствы Гарадоцкага, Докшыцкага, Глыбоцкага і іншых раёнаў.

"Я хацеў бы падкрэсліць, што ў параўнанні з мінулым годам сітуацыя лепшая. Так, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі ў 2 разы вышэй, чым была напярэдадні пасяўной у мінулым сезоне. Няма праблем з палівам. А я ў кожнай гаспадарцы цікавлюся, ці працуюць механізатары, як кажуць, з колаў. Не. Ёсць запас паліва. Гэта вельмі важна. Людзі ўпэўненыя ў тым, што з-за праблем з рэсурсамі пасяўная не будзе сарвана. Работы не будуць залежаць ад таго, ці ёсць паліва, ці дастаткова ўгнаенняў. Усе будуць працаваць дакладна і зладжана", - сказаў старшыня кантрольнага ведамства.

Ён адзначыў, што канчатковыя вынікі маніторынгу будуць падведзены пазней. "Магу зрабіць адну выснову - Віцебская вобласць на сённяшні дзень да сяўбы па большай частцы гатова", - канстатаваў Леанід Анфімаў. У красавіку рабочыя групы, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі дзяржкантролю, работнікі пракуратуры, МУС і іншых ведамстваў, праводзяць маніторынгі ў гаспадарках, вывучаюць сітуацыю ў аграпрамысловым комплексе. "У Віцебскай вобласці я ўбачыў, што элементарны парадак на мехдварах і фермах наведзены. Мабыць, нарада ў Прэзідэнта па праблемах АПК дала да гэтага штуршок. На месцах ведалі, што да іх прыедуць рабочыя групы. А трэба, каб гэта было ў крыві ў кіраўніка. Каб не чакалі, пакуль прыедзе камісія, а заўсёды падтрымлівалі ў належным стане сельскагаспадарчыя аб'екты", - рэзюмаваў старшыня КДК.

Па аператыўнай інфармацыі на раніцу 12 красавіка, у Віцебскай вобласці да выбарачнай сяўбы ранніх яравых збожжавых прыступілі гаспадаркі чатырох районаў: Чашніцкага, Пастаўскага, Глыбоцкага і Верхнядзвінскага. 

БЕЛТА.