Віцебская вобласць гатова да пропуску паводкі
3 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская вобласць да пропуску паводкі гатова, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Васіль Чакан.
З прыходам цяпла ў рэгіёне пачаўся час актыўнага прыросту вады: штодня ўзровень рэк павялічваецца больш чым на паўметра. Праўда, па прагнозах сіноптыкаў, моцнай паводкі з падтапленнем населеных пунктаў у поймах рэк у гэтым годзе не чакаецца.
Разам з тым супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС, не разлічваючы асабліва на міласць прыроды, да пропуску паводкі падрыхтаваліся. Адпрацаваны традыцыйны комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы асабовага складу, праверана неабходная тэхніка, у тым ліку жыллёва-камунальнай гаспадаркі і лясгасаў, якая можа прыцягвацца ў выпадку неабходнасці. Праведзены таксама інструктаж жыхароў Верхнядзвінскага, Полацкага, Глыбоцкага, Лепельскага і іншых раёнаў, якія пражываюць у небяспечных зонах. Пры гэтым асаблівая ўвага надавалася тлумачальнай працы сярод дзяцей і падлеткаў, адзначыў Васіль Чакан.-0-