Віцебская вобласць і Казахстан маюць намер нарасціць тавараабарот да $200 млн.

25 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць прапануе Казахстану нарасціць узаемны таваразварот да $200 млн. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Анатолем Смірновам прапанаваў распрацаваць сумесны план мерапрыемстваў па нарошчванні таваразвароту, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У сваю чаргу пасол, канстатаваўшы, што знешнегандлёвы абарот Віцебскай вобласці з рэгіёнамі Казахстана па выніках 2009 года склаў каля $21 млн., пагадзіўся, што гэтага недастаткова. Па яго словах, інвестыцыйныя праекты, прапанаваныя віцебскімі рэгіёнамі і прадпрыемствамі на міжнародным інвестыцыйным форуме, які адкрыўся сёння ў Віцебску, уяўляюць вялікую цікавасць для бізнесу. У прыватнасці, дыпламат вылучыў інавацыйныя распрацоўкі прадпрыемства "Фортэкс - водныя тэхналогіі" ў галіне ачысткі вады, якія могуць знайсці шырокае прымяненне ў казахскіх авулах. Пасол мае намер садзейнічаць сустрэчам віцебскіх вытворцаў з бізнесменамі Казахстана для працы ў гэтым і іншых напрамках. Акрамя таго, прэзентацыя праекта па стварэнні водаачысных станцый "Фортэкс" адбудзецца на беларуска-казахстанскім дзелавым форуме ў Мінску 25-26 сакавіка бягучага года. Па дадзеных камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама, у 2009 годзе экспарт у Казахстан склаў $19,8 млн., імпарт - $592 тыс. Доля экспарту прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ў Казахстан сярод краін СНД (акрамя Расіі) дасягнула 21,5%. Больш за 50% экспарту складаюць малочныя прадукты. Прадпрыемствы рэгіёна пачалі таксама ажыццяўляць пастаўкі мэблі, электрасвяцільнікаў, дзвярных палотнаў. Старшыня Віцебскага аблвыканкама прапанаваў казахстанскім партнёрам прапрацаваць магчымасць прыцягнення крэдытаў банкаў Казахстана і замежных рэсурсаў для фінансавання сумесных праектаў, павялічыць пастаўкі сухога малака, сметанковага масла, малочных кансерваў, нарошчваць продажы аптычных прыбораў, прадметаў дрэваапрацоўкі, ветпрэпаратаў, валаконна-аптычнага кабеля.-0-