Віцебская вобласць і Латгалія ствараюць сайт для рамеснікаў
Латгалія і Віцебская вобласць у бягучым годзе рэалізуюць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Садзейнічанне надомнай самазанятасці" праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія-Літва-Беларусь". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў грамадскім аб'яднанні "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў".
У асацыяцыі падкрэслілі, што асноўнай мэтай мерапрыемства з'яўляецца павышэнне эканамічнай актыўнасці асоб, занятых рамеснай дзейнасцю. "Многія з іх валодаюць навыкамі стварэння арыгінальных і самабытных тавараў ручной працы, але часта не маюць ведаў асноў прадпрымальніцкай дзейнасці і магчымасцей для прасоўвання сваіх вырабаў на рынак", - растлумачылі ў асацыяцыі.
Пры рэалізацыі праекта плануецца стварыць спецыялізаваную вэб-платформу на рускай, латышскай і англійскай мовах. Інтэрнэт-рэсурс дазволіць рамеснiкам пашыраць сувязі і абменьвацца вопытам. Акрамя гэтага, вэб-платформа прадаставіць майстрам пастаянную магчымасць дэманстрацыі вырабаў.
"Авалодаць практычнымі навыкамі выкарыстання магчымасцей створанай вэб-платформы, а таксама тэарэтычнымі ведамі па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці рамеснiкі змогуць на спецыяльных навучальных семінарах, якія будуць арганізаваны ў Латвіі і Беларусі", - падкрэслілі ў асацыяцыі. Праект будзе садзейнічаць рэалізацыі ўказа ад 16 мая 2005 года №225 "Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці".
У Віцебскай вобласці зараз афіцыйна зарэгістраваных рамеснікаў налічваецца 1 279 чалавек.
Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі №LLB-2-196 "Садзейнічанне надомнай самазанятасці" адобраны пастановай Савета Міністраў Беларусі №1167 ад 30 снежня 2013 года і рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы ЕС у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.
У латвійскай Латгаліі ажыццяўленнем праекта будзе займацца фонд "Верус", а ў Віцебскай вобласці - грамадскае аб'яднанне "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў" пры падтрымцы дзяржаўнай установы "Культурна-гістарычны комплекс "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна".
Алена Ціханава