Віцебская вобласць і Лодзьскае ваяводства пашыраюць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва
Падпісаны пяць пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж раёнамі Віцебскай вобласці і муніцыпалітэтамі Лодзьскага ваяводства па выніках візіту польскай дэлегацыі ў рэгіён. Урачыстая цырымонія прайшла ў Віцебскім аблвыканкаме.
Развіваць партнёрскія сувязі ў гандлёва-эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах будуць Віцебскі раён і муніцыпалітэт Гамуніцэ, Сенненскі і Гашчанаў, Шумілінскі і Макуў, Полацкі і Згеж, Гарадоцкі раён і горад Опачна. Акрамя таго, пратакол аб намерах па супрацоўніцтве падпісалі Ушацкі раён і муніцыпалітэт Тамашуў-Мазавецкі.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч адзначыў, што пашырэнне ўзаемадзеяння паміж рэгіянальнымі адміністрацыямі будзе спрыяць актывізацыі супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і Лодзьскім ваяводствам у цэлым. "Пагадненне аб партнёрстве ў нас падпісана яшчэ ў 2009 годзе, але да нядаўняга часу ішоў пераважна культурны абмен. На цяперашнім этапе мы дамовіліся зрабіць акцэнт на эканамічнай сферы, на што нацэліваем і раённыя ўлады, і прадстаўнікоў бізнесу", - сказаў ён. Перш за ўсё бакам трэба будзе пашыраць гандлёвыя сувязі, нарошчваць узаемны таваразварот, для чаго і патрэбны падобныя сустрэчы.
У склад польскай дэлегацыі ўвайшлі 13 бізнесменаў. У рамках візіту была арганізавана кантактна-кааперацыйная біржа з удзелам каля 40 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці, зацікаўленых у пошуку партнёраў з Польшчы. Акрамя таго, прадстаўнікі польскага бізнесу наведалі шэраг прадпрыемстваў у Оршы і Віцебску, у тым ліку пабывалі ў свабоднай эканамічнай зоне "Віцебск". "Без такіх сустрэч, без устанаўлення эканамічных сувязяў нам не ўдасца прасунуцца і ў іншых сферах міжрэгіянальнага партнёрства", - перакананы Алег Мацкевіч.
Старшыня Рэгіянальнага парламента Лодзьскага ваяводства Марэк Мазур не сумняваецца ў прадукцыйнасці візіту, які будзе мець пазітыўныя вынікі для абодвух бакоў. "Нам паступіла вельмі шмат прапаноў аб супрацоўніцтве, так што партнёрства паміж Віцебскай вобласцю і Лодзьскім ваяводствам атрымае актыўнае развіццё", - сказаў ён. Дзяліўшыся з журналістамі ўражаннямі ад паездкі, Марэк Мазур асабліва падкрэсліў гасціннасць беларусаў. "Мы ўжо трэці дзень у Віцебскай вобласці, і штодня нам падносяць сюрпрызы, знаёмяць з нечым новым для нас, змяняючы ўяўленне аб краіне ў цэлым. Мы ўбачылі сучасныя прадпрыемствы, якія адпавядаюць еўрапейскім патрабаванням. А гасціннасць людзей проста ўражвае", - адзначыў старшыня парламента.
У склад дэлегацыі Лодзьскага ваяводства ўвайшлі кіраўнікі і прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Падчас візіту польскія госці азнаёміліся з прадпрыемствамі Віцебска і Аршанскага раёна для ўстанаўлення ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў харчовай і лёгкай прамысловасці, сферах фізічнай культуры (спартыўны інвентар і абсталяванне), сістэм бяспекі, будаўнічых матэрыялаў і сістэм трубаправодаў, экалогіі, а таксама ў турыстычнай сферы.
БЕЛТА, фота з адкрытых крыніц.