Віцебская вобласць і ўрад Масквы гатовыя развіваць супрацоўніцтва ў сферы інавацый
13 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская вобласць і ўрад Масквы гатовыя развіваць супрацоўніцтва ў сферы інавацый. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў старшыня камітэта міжрэгіянальных сувязей і нацыянальнай палітыкі расійскай сталіцы Міхаіл Саламенцаў па выніках рабочай сустрэчы з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Уладзімірам Навацкім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Развіццё новых тэхналогій, інавацый сёння з'яўляецца актуальным напрамкам для расійскага і беларускага бакоў. "Мы гатовыя абмеркаваць прапановы віцебскіх партнёраў па супрацоўніцтве ў гэтым напрамку, вызначыць рэперныя кропкі і ў перспектыве выйсці на рэалізацыю канкрэтных праектаў у інавацыйнай сферы", - заявіў Міхаіл Саламенцаў. Акрамя таго, агульнай тактычнай задачай ён назваў аднаўленне аб'ёму таваразвароту паміж Масквой і ў цэлым Беларуссю на дакрызісным узроўні. "Сусветны крызіс запаволіў развіццё нашага эканамічнага супрацоўніцтва, і мы спадзяёмся ўжо да канца 2010 года цалкам аднавіць страчаныя пазіцыі", - дадаў старшыня камітэта маскоўскага ўрада.
У Віцебскай вобласці ўстаноўлены партнёрскія ўзаемаадносіны з Паўночнай адміністрацыйнай акругай Масквы, супрацоўніцтва развіваецца па шырокім спектры сфер дзейнасці, адзначыў Міхаіл Саламенцаў. У час сустрэчы ў аблвыканкаме бакі абмеркавалі рэалізацыю сумесных праектаў, намяцілі меры па іх актывізацыі і ліквідацыі праблем, што ўзнікаюць.
Асноўным пунктам праграмы візіту маскоўскай дэлегацыі стане ўдзел у міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", на якім сёння праходзіць Дзень Масквы. На сцэне плошчы Перамогі адбудзецца прэзентацыя праекта "Дзеці Масквы і Беларусі спяваюць разам". Віцябляне і госці фестывальнага горада змогуць ацаніць творчасць 12 дзіцячых калектываў Масквы і Беларусі, якія з'яўляюцца пераможцамі гэтага праекта. У вячэрняй праграме Дня Масквы на фестывалі таксама адбудзецца сольны канцэрт спявачкі Валерыі.-0-