Віцебская вобласць і правінцыі В'етнама плануюць супрацоўнічаць у нафтаперапрацоўцы і станкабудаванні
30 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і правінцый В'етнама могуць стаць нафтаперапрацоўка, станкабудаванне і лёгкая прамысловасць. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч па выніках рабочай сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў Беларусі Данг Хыу Чанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інтарэс в'етнамскіх партнёраў да супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы выкліканы рэалізацыяй праектаў па будаўніцтве буйных нафтаперапрацоўчых комплексаў у шэрагу правінцый гэтай паўднёваазіяцкай краіны. Віцебская вобласць можа аказаць садзейнічанне ў падрыхтоўцы спецыялістаў рознай кваліфікацыі для гэтай галіны, а таксама гатова разгледзець прапановы па ўзаемадзеянні ў тэхналагічным і вытворчым плане, адзначыў Алег Мацкевіч. Акрамя таго, падчас сустрэчы в'етнамскі дыпламат выказаў зацікаўленасць у кааперацыі з беларускімі партнёрамі ў сферы сельгасмашынабудавання.
Яшчэ адной тэмай перспектыўнага супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і правінцый В'етнама можа стаць партнёрства вышэйшых навучальных устаноў і адукацыйныя абмены. Разам з тым значны патэнцыял узаемадзеяння маецца ў сферы харчовай і мяса-малочнай прамысловасці, некаторыя прадпрыемствы вобласці ўжо паставілі пробныя партыі прадукцыі ў В'етнам і пасля праходжання адпаведных сертыфікацыйных працэдур гатовы пашыраць сваю прысутнасць на паўднёваазіяцкім рынку.
Апошнім часам кантакты паміж Віцебскай вобласцю і рэгіёнамі В'етнама дэманструюць станоўчую дынаміку, адзначыў Алег Мацкевіч. У маі 2011 года дэлегацыя Віцебскай вобласці наведала гэту краіну. Па выніках візіту былі падпісаны пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж вобласцю і правінцыяй Хайфон, а таксама мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы турызму з правінцыяй Бінь Туан.
На сустрэчы кіраўніцтва аблвыканкама і пасла В'етнама быў прааналізаваны ход рэалізацыі пагадненняў і развіцця кааперацыі прадпрыемстваў беларускага і в'етнамскіх рэгіёнаў.
Падчас двухдзённай паездкі пасол В'етнама наведае свабодную эканамічную зону "Віцебск" і пабывае на прадпрыемствах-рэзідэнтах СЭЗ, пазнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Віцебска і яго славутасцямі.-0-