Віцебская вобласць і правінцыя Бергама маюць намер рэалізаваць праекты ў энергетыцы і наладзіць авіязносіны
19 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праекты ў сферы энергетыкі, энергазберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама ў галіне паветраных перавозак і турызму могуць стаць прыярытэтнымі ў развіцці дзелавога супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і італьянскай правінцыяй Бергама. Пра гэта паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар правінцыі Франчэска Бары пасля падпісання пратакола намераў аб супрацоўніцтве. Дакумент быў падпісаны ў рамках міжнароднага інвестыцыйнага форуму, які праходзіць сёння ў абласным цэнтры.
"Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў турыстычнай сферы, чаму і павінен паспрыяць падпісаны сёння дакумент", - падкрэсліў Франчэска Бары. Італьянскія бізнесмены гатовыя ўстанаўліваць партнёрства і рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты ў энергетычнай сферы, яны таксама праяўляюць цікавасць да перапрацоўкі адходаў і дрэваапрацоўкі.
Яшчэ адным важным крокам ва ўмацаванні дзелавых кантактаў паміж бізнесменамі італьянскага і беларускага рэгіёнаў можа стаць устанаўленне паветраных зносін паміж Бергама і Віцебскам. Праект па развіцці аэрапорта ў Віцебску і наладжванне рэгулярнага авіямаршруту зацікавіў італьянскіх бізнесменаў, адзначыў Франчэска Бары. Італьянскі бок запрасіў дэлегацыю Віцебскай вобласці наведаць у маі 2009 года правінцыю Бергама для дэталёвага абмеркавання шэрагу сумес ных праектаў, у тым ліку ў сферы развіцця авіяперавозак, дадаў ён.-0-