Віцебская вобласць і Саксонія маюць намер заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве

23 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць і Вольная дзяржава Саксонія (федэральная зямля ФРГ) маюць намер заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом ФРГ у Беларусі Крыстафам Вайлем, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Дагавор аб супрацоўніцтве таксама збіраюцца падпісаць Віцебск і Лейпцыг. Заключэнне падобных пагадненняў спрыяе наладжванню дзелавых і культурных кантактаў паміж краінамі, лічыць Аляксандр Косінец. Па яго ацэнцы, тавараабарот паміж Германіяй і Віцебскай вобласцю можа быць павялічаны ў дзясяткі разоў, для гэтага ёсць усе магчымасці. Дэкрэтам №10 створаны спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестараў у Беларусь і развіцця прыватнай ініцыятывы. Інвестыцыйнаму клімату спрыяюць прэферэнцыі, якія прадастаўляюцца пры арганізацыі вытворчасцей у малых гарадах і ў сельскай мясцовасці. Шырокае поле дзейнасці для замежных партнёраў уяўляюць свабодныя эканамічныя зоны. Віцебская вобласць, у прыватнасці, зацікаўлена ў цесным супрацоўніцтве з нямецкімі партнёрамі ў розных галінах эканомікі: ад аўтамабілебудавання і радыёэлектронікі да турызму. Аднымі з найбольш перспектыўных напрамкаў інвестыцыйнай дзейнасці з'яўляюцца рэалізацыя праекта па стварэнні транспартна-лагістычнага цэнтра ў Віцебску, арганізацыя зборачных аўтамабільных і сельскагаспадарчых вытворчасцей, будаўніцтва гасцініц, прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прэпаратаў, арганізацыя вытворчасцей па выпуску пітной і мінеральнай вады. Віцебская вобласць можа наросціць пастаўкі ў Германію рапсавага масла, казеіну, сухога малака, адзення з ільняных тканін, замарожаных і кансерваваных ягад і грыбоў, спірту, торфу, вырабаў з драўніны. Падчас сустрэчы Аляксандр Косінец прапанаваў пасольству ФРГ арганізаваць візіт дзелавых колаў Германіі ў Віцебскую вобласць. "Пакуль канкрэтны бізнесмен не ўбачыць сваю выгаду, ён не будзе ўкладваць сродкі", - дадаў губернатар. Знешнегандлёвы абарот Віцебскай вобласці з ФРГ у студзені-верасня 2010 года склаўся ў памеры амаль $88 млн, што складае 98,4% да аналагічнага перыяду мінулага года. З іх экспарт перавысіў $26 млн. Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце ў Германію складаюць тэкстыльныя вырабы, шклатканіна, шкловалакно, станкі, казеін. Усяго экспартуецца 50 найменняў прадукцыі. У Віцебскай вобласці зарэгістравана 20 суб'ектаў гаспадарання з удзелам нямецкага капіталу.-0-