Віцебская вобласць да 2016 года павялічыць пагалоўе свіней удвая да 400 тыс.
У Віцебскай вобласці да 2016 года пагалоўе свіней будзе павялічана ўдвая да 400 тыс., што дазволіць рэгіёну цалкам аднавіць аб'ёмы вытворчасці свініны. Пра гэта паведаміў журналістам першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Машэра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы прыкладзем максімум намаганняў, каб выканаць заданне Саўміна. Выдзелены сродкі, каб правесці рамонт і ўвесь неабходны комплекс мер па забеспячэнні біялагічнай абароны комплексаў", - сказаў Уладзімір Машэра. Паралельна з мадэрнізацыяй памяшканняў у рэгіёне вядзецца планамерная праца па падрыхтоўцы маткавага пагалоўя, якім будуць засялены комплексы. "Думаю, мы з пастаўленай задачай справімся", - адзначыў ён.
Па стане на 1 лістапада 2014 года, на комплексах вобласці ўтрымліваецца 205 тыс. галоў свіней. "Гэта адчутны мінус да ўзроўню мінулага года. Але ўжо да 1 красавіка 2015 года мы плануем павялічыць пагалоўе да 240 тыс., - падзяліўся планамі Уладзімір Машэра. - Вядзецца праца па забеспячэнні біялагічнай абароны свінакомплексаў, якія былі закрыты ў 2013 годзе. Яны ўжо практычна ўсе падрыхтаваны, пастаўлена біялагічная проба свіней, на двух комплексах яна паспяхова завяршылася - ніякіх парушэнняў не назіраецца. Пачынаем засяляць свінаматкамі, каб павялічыць колькасць свіней".
Ён падкрэсліў, што некаторыя фермы пабудовы 50-60 гадоў мінулага стагоддзя ў рэгіёне аднаўляць не будуць, бо гэта эканамічна не мэтазгодна. Па словах Уладзіміра Машэра, зараз 6 свінакомплексаў рэгіёну функцыянуюць у ранейшым рэжыме, яшчэ 6 паступова аднаўляюць пагалоўе. У цэлым пасля завяршэння ўсіх мерапрыемстваў па арганізацыі работы ў складзенай эпізаатычнай сітуацыі па АЧС у рэгіёне будзе дзейнічаць 22 свінаводчыя прадпрыемствы (20 комплексаў і 2 фермы).
Алена Ціханава