Віцебская вобласць лідзіруе па выкарыстанні мясцовых відаў паліва
Укараняюцца катлы з механізаванай загрузкай, штогадовая планавая замена цеплавых сетак складае не менш за 4% ад агульнай працягласці з пераважным выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб.
У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Беларусі з бюджэту Віцебскай вобласці ўжо не субсідуюцца паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення, якія аказваюцца насельніцтву.
Заданне па ўводзе плошчаў жылфонду пасля капрамонту выканана з ростам да папярэдняга года на 23 тыс. кв. м, што на ўзроўні з Гомельшчынай, але больш, чым у іншых абласцях. У 2017-м было пяць стратных арганізацый, засталося дзве. Зарплата вырасла на 17%.
– З большасцю мерапрыемстваў, вызначаных кіраўніком дзяржавы, удалося справіцца. Даведзеныя ўрадам планава-разліковыя цэны выкананы па ўсіх відах дзейнасці. Прадугледжаныя нарматыўнымі патрабаваннямі стандарты забяспечваюцца. Устойлівае развіццё ЖКГ вобласці дазволіла 2018 год адпрацаваць без збояў у цепла- і водазабеспячэнні. Каля 4 млн руб. бюджэтных сродкаў, зэканомленых у выніку стварэння Віцебскага абласнога водаканала, накіраваны на рэалізацыю іншых праектаў, у тым ліку праграмы «Чыстая вада» (1 млн руб.). Гэта дапамагло забяспечыць насельніцтва якасным водазабеспячэннем на 90,5%, выканаць заданне Дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016 – 2020 гады. За мінулы год 4835 грамадзян атрымалі безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на пакрыццё часткі затрат па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі ў суме 169 тыс. руб., – канстатаваў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Юрый Дзядзёла.
Згодна з даручэннямі кіраўніка дзяржавы прыведзены ў узорны парадак гарпасёлкі Езярышча Гарадоцкага раёна і Балбасава Аршанскага (у апошнім пабудавана і станцыя абезжалезвання). Да абласных «Дажынак-2018» у Верхнядзвінску было адрамантавана 15 дамоў, у тым ліку з заменай інжынерных сетак, рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй дваровых тэрыторый.
Для паляпшэння сувязі са спажыўцамі функцыянуе кругласутачная абласная тэлефонная і электронная дыспетчарская служба. Па нумары 115 або праз інтэрнэт-партал «Мой горад» 115.бел можна зрабіць заяўку на выкананне паслуг, задаць праблемныя пытанні, якія не застануцца без увагі.
За першае паўгоддзе неабходна завяршыць рэарганізацыю Віцебскага гарадскога водаканала, да канца 2019-га – пабудаваць 40 станцый абезжалезвання. У аграгарадках Параф'янава і Круляўшчына Докшыцкага раёна дзве станцыі ўжо ўведзены ў эксплуатацыю.
Не адстае ад графіка будаўніцтва Віцебскага смеццесартавальнага завода. Паступленне абсталявання пачнецца ў красавіку бягучага года, а пуск аб'екта чакаецца ў красавіку наступнага.
Да абласных «Дажынак», якія пройдуць у Браслаўскім раёне, гатова праектна-каштарысная дакументацыя на капрамонт 16 дамоў.