Віцебская вобласць лідзіруе па анлайн-перапісе насельніцтва Беларусі сярод іншых рэгіёнаў
На раніцу 17 кастрычніка 456 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у перапісе насельніцтва. З іх 38% аддалі перавагу не чакаць перапісчыка дома, а запоўніць апытальныя лісты самастойна праз інтэрнэт. Вышэйшы працэнт анлайн-перапісу толькі ў Мінска. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці – начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Наталля Шруб.
– Да пачатку кампаніі нашы супрацоўнікі ў межах інфармацыйна-тлумачальнай працы наведалі многія прадпрыемствы, арганізацыі рэгіёна, распавядалі пра магчымасць перапісацца праз інтэрнэт. Шчыра кажучы, нават не чакалі, што ў першыя дні анлайн-перапісу будзе адразу столькі жадаючых, людзі праходзілі апытанне нават уночы, – кажа Наталля Алегаўна.
Аднак толькі дзясяты па ліку смартфон, разыграны Белтстатам і партнёрам Xiaomi сярод удзельнікаў электроннага перапісу, дастаўся прадстаўніку Віцебшчыны. Поспех усміхнуўся Сяргею Сініцкаму з абласнога цэнтра.
Запоўніць анкету на сайце перапісу насельніцтва Беларусі сумесна з жонкай Вікторыяй малады чалавек вырашыў 13 кастрычніка. І ўжо на наступную раніцу яму патэлефанавалі з навіной аб тым, што па выніках мінулага дня аўтаматызаваная сістэма выпадковага адбору спынілася менавіта на яго домаўласніцтве.
– Мы ніколі нічога не выйгравалі, нават не спадзяваліся, таму для нас гэта было поўнай нечаканасцю, – прызнаецца маладая сям'я.
Дарэчы, у 2009 годзе Сяргей удзельнічаў у перапісе не толькі ў якасці рэспандэнта, але і перапісчыка.
– Сам хадзіў да рэспандэнтаў, усе даныя даводзілася запісваць уручную. Сёння вельмі зручна, што ёсць магчымасць запоўніць анкету самастойна, не выходзячы з дома і ў зручны час. Дастаткова адкрыць сайт і ўвесці даныя. Праблем з рэгістрацыяй асабіста ў мяне не ўзнікла. Таму ў наступным перапісе насельніцтва таксама аддаў бы перавагу ўдзельнічаць праз інтэрнэт, – распавядае малады чалавек.
Да слова, адзін член сям'і Сініцкіх упершыню трапіў у спісы – сын Аляксей, якому споўнілася тры гады.
Выиграны смартфон сужэнцам уручыў начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Юрый Маскалёў. Ва ўрачыстай абстаноўцы ён павіншаваў пераможцаў і падзякаваў за свядомую грамадзянскую пазіцыю.
Нагадаем, што інтэрнэт-перапіс стартаваў 4 кастрычніка і завершыцца 18 кастрычніка. Таму ў жыхароў Віцебшчыны яшчэ ёсць шанец выйграць смартфон.
А ўжо з 21 кастрычніка перапісчыкі пачнуць абыходзіць дамы рэспандэнтаў. Увесь гэты час працуюць і стацыянарныя ўчасткі, куды можна звярнуцца да 30 кастрычніка. Іх размяшчэнне з адрасамі і графікам працы размешчана на сайтах Беластата і Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці.