Віцебская вобласць можа выйсці ў лідары па аб'ёме нарыхтаваных кармоў - Леанід Анфімаў
Леанід Анфімаў адзначыў, што яго як куратара вобласці турбаваў той факт, што рэгіён значна адстае па тэмпах касавіцы. "Рэспубліка завяршае ўборку травы першага ўкосу, а тут скошана толькі 45%. Трэба было правесці такі практычны маніторынг і ацаніць, якая сітуацыя рэальна складваецца ў корманарыхтоўчай вытворчасці вобласці. Я пабываў у Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах, сёння прыняў удзел у пасяджэнні аблвыканкама, пагутарыў з механізатарамі і кіраўніцтвам гаспадаркі Віцебскага раёна. Бачу, што патэнцыял у вобласці ёсць, і яна, відаць, нават выйдзе на адно з вядучых месцаў па аб'ёме нарыхтаваных кармоў", - сказаў ён.
Старшыня КДК адзначыў, што зараз у рэгіёне нарыхтавана каля 4 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. З кожным днём тэмпы касавіцы нарастаюць, павялічваецца ўраджайнасць. "Вобласць прыбавіць у аб'ёмных паказчыках, дагоніць і нават перасягне тыя лічбы, якія маюць іншыя рэгіёны краіны", - дадаў Леанід Анфімаў.
Ён падкрэсліў, што зараз на нарыхтоўцы кармоў надзвычай важная поўная мабілізацыя фінансавых, матэрыяльных, тэхнічных і людскіх рэсурсаў. "Паліва ёсць. Прынамсі, мне ніхто нараканняў з гэтай нагоды не выказваў. Людзі павінны арганізавана і з поўнай аддачай вырашаць вытворчыя пытанні. Тут механізатары распавядалі, што выходзяць на працу ў 4-5 гадзін раніцы, заканчваюць - уцемні. Такі тэмп трэба трымаць і ў далейшым, і тады будзем з кармамі. Галоўнае - каб надвор'е не падвяло", - адзначыў кіраўнік кантрольнага ведамства. Ён таксама падкрэсліў, што нарыхтоўка кармоў - гэта ўборка ўраджаю, якая параўнальная з жнівом збожжавых і патрабуе не менш увагі.
"Развіваць малочную жывёлагадоўлю можна толькі пры добрай кармавой базе", - заключыў Леанід Анфімаў. Акрамя ААТ "Рудакова" Леанід Анфімаў сёння пабываў на прыватным прадпрыемстве
Прадпрыемствы даволі паспяховыя, але існуюць некаторыя праблемы, якія і былі абмеркаваны з кіраўніцтвам. У першай палове дня старшыня КДК прыняў удзел у пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. На парадку дня былі пытанні прыцягнення інвестыцый, павышэння эфектыўнасці работы прамысловых прадпрыемстваў і транспарту.
Алена Ціханава - БЕЛТА.