Віцебская вобласць на развіццё гандлю ў 2010 годзе накіруе Br50 млрд. з бюджэту
24 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На развіццё гандлю ў Віцебскай вобласці ў 2010 годзе будзе накіравана Br50 млрд. бюджэтных сродкаў. Аб гэтым заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на цырымоніі адкрыцця СУП "Смаленскі калгасны рынак", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інвестыцыі будуць накіраваны на стварэнне новых гандлёвых аб'ектаў, рэканструкцыю дзеючых, а таксама набыццё сучаснага гандлёвага абсталявання. Разам з тым варта ўлічваць, што канчатковая сума інвестыцый будзе значна вышэй, бо на гэтыя мэты будуць выкарыстоўвацца і сродкі прадпрыемстваў, інвестараў.
Першачарговую ўвагу прадстаўнікі органаў улады ў 2010 годзе павінны надаць развіццю гандлю ў абласным цэнтры, буйных гарадах і райцэнтрах, а таксама стварэнню аптымальных умоў на рынках рэгіёна. Бо на сённяшні дзень з 25 рынкаў вобласці толькі 3 (з улікам рэканструяванага Смаленскага рынку) адпавядаюць усім устаноўленым патрабаванням, адзначыў Аляксандр Косінец.
Акрамя таго, у рэгіёне трэба будзе выпрацаваць эфектыўную гандлёвую палітыку, наладзіць цесную ўзаемасувязь паміж гандлем і вытворцамі. На думку губернатара, гэта адна з найважнейшых задач на наступны год.
Рэканструкцыя гандлёвых радоў прамтаварнай зоны Смаленскага калгаснага рынку выканана фактычна за год. Агульная плошча аб'екта - 4,2 тыс. кв. м, тут размешчана 189 гандлёвых павільёнаў. Агульны аб'ём затрачаных інвестыцый - Br9,3 млрд. У цяперашні час рыхтуецца праект другой чаргі рэканструкцыі: плануецца рэканструяваць дзеючы цэнтральны будынак рынку, харчовыя рады, пабудаваць 45 новых павільёнаў і добраўпарадкаваць прылеглую да аб'екта тэрыторыю. Перспектыўны план трэцяй чаргі прадугледжвае будаўніцтва новага модульнага двухпавярховага павільёна гандлёвай плошчай 2 тыс. кв. м.
Усяго ў 2009 годзе ў Віцебскай вобласці ўведзена ў строй звыш 15 тыс. кв. м плошчы гандлёвых павільёнаў і магазінаў, дзе створаны годныя ўмовы як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. -0-