Віцебская вобласць пачынае турыстычны праект "Васільковы край"

Пілотны праект "Васільковы край" збіраюцца рэалізаваць у Віцебскай вобласці ў бліжэйшыя гады. Яго мэта - прасоўванне турыстычных магчымасцей паўночнага рэгіёна краіны праз інтэрнэт і сацсеткі, развіццё зручнай інфраструктуры для падарожжаў розных турыстаў, паведамілі ў аблвыканкаме.

Арганізатары маюць намер стварыць мабільны дадатак "Васільковы край - Life" з нанясеннем ключавых туроб'ектаў, якія ўваходзяць у пілотны праект, на анлайн-карту. У ім будуць задзейнічаны 12 рэгіёнаў: Віцебск, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Мёрскі, Аршанскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі і Ушацкі раёны. Распрацоўка культурна-пазнавальных, краязнаўчых, экалагічных, вытворчых і іншых турыстычных маршрутаў будзе праводзіцца з улікам спецыфікі рэгіёна, працягласці знаходжання турыстаў і магчымасцей іх перамяшчэння. Кожны раён будзе прэзентаваць свае асаблівасці і найбольш знакавыя месцы. Напрыклад, Ушацкі раён - радзіма вядомых літаратараў, у Мёрскім раёне ёсць найпрыгажэйшы заказнік "Ельня", Полацк багаты гісторыяй, славутасцямі і музеямі.

Дадатак аб'яднае ў сабе навігацыю па гарадах і райцэнтрах вобласці, уключаючы аўдыёгід, маршруты, віртуальныя туры па папулярных, эксклюзіўных, арыгінальных мясцінах і славутасцях. У рэалізацыі "Васільковага краю" плануецца задзейнічаць рамеснікаў, экскурсаводаў, а таксама аграсядзібы, музеі, гасцініцы і іншыя суб'екты туріндустрыі.

Рэалізуе пілотны праект упраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Тэрмін рэалізацыі - 2021-2023 гады.

БЕЛТА.