Віцебская вобласць мае намер актывізаваць працу па аўкцыённых продажах зямельных участкаў

Віцебская вобласць мае намер істотна павысіць выніковасць аўкцыённага продажу зямельных участкаў. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў.

Адзначалася, што ў рэгіёне неабходна мяняць падыходы да арганізацыі работы па аўкцыённым продажы зямельных участкаў. Механізм павышэння выніковасці аўкцыёнаў агучыў начальнік землеўпарадкавальнай службы Віцебскага аблвыканкама Ігар Левенкоў. На яго думку, варта яшчэ да вясны правесці абследаванне населеных пунктаў і выявіць прывабныя для пакупнікоў участкі, размясціць іх пералік на сайтах рай-гарвыканкамаў, разгарнуць актыўную рэкламную кампанію. А пры наяўнасці пакупніцкага ціка вырабляць землеўпарадкавальную справу ў найкароткія тэрміны.

\"На мой погляд, падрыхтоўку і правядзенне аўкцыёнаў неабходна даверыць прафесіяналам. А на кіраўнікоў мясцовых органаў улады ўскласці персанальную адказнасць за выкананне мерапрыемстваў. Справаздачнасць аб праведзенай рабоце павінна прадастаўляцца ў аблвыканкам штомесяц. Такі падыход да вырашэння пытання дасць магчымасць у разы павялічыць колькасць прадаваемых зямельных участкаў\", - перакананы Ігар Левенкоў.

Ён таксама адзначыў, што кіраўнік дзяржавы на нарадзе, праведзенай 19 студзеня па пытанні ўдасканалення заканадаўства аб вызваленні і прадастаўленні зямельных участкаў, падкрэсліў, што перадача зямлі павінна прыносіць дзяржаве эканамічную выгаду. \"Прадастаўленне вольных (незанятых) зямельных участкаў грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, у тым ліку і па выніках аўкцыёнаў, несумненна, павысіць эфектыўнасць выкарыстання зямельных рэсурсаў\", - канстатаваў начальнік землеўпарадкавальнай службы. Развітваючыся з журналістамі, Ігар Левенкоў адзначыў, што праблема продажу зямельных участкаў зараз вельмі актуальная. За апошнія пяць гадоў у Беларусі прададзена каля 9 тыс. зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, у тым ліку ў Віцебскай вобласці 766 участкаў. \"У нас ёсць шэраг раёнаў, у якіх участкі прадаюцца эфектыўна - гэта Віцебскі раён і горад Віцебск, Браслаўскі, Лепельскі, Міёрскіраёны. І сёння задача стаіць павысіць колькасць прададзеных зямельных участкаў ва ўсіх раёнах, вывесці гэту працу на якасна новы ўзровень\", - растлумачыў суразмоўца. Каментуючы абмяркоўваемыя новацыі заканадаўства аб выманні і прадастаўленні участкаў, Ігар Левянкоў адзначыў, што прапанаваныя змены накіраваны і на тое, каб зняць залішнія адміністрацыйныя бар'еры.

\"Праект прадугледжвае аб'яднанне двух працэдур - юрыдычнага адводу зямельнага ўчастка і ўсталявання межаў. У мэтах аптымізацыі тэрмінаў, іх скарачэння прадугледжваецца, што арганізацыя па землеўпарадкаванні будзе прадстаўляць на разгляд мясцовых выканаўчых камітэтаў ужо адразу цэлы пакет дакументаў - і матэрыялы па прадастаўленні зямельных участкаў, і матэрыялы па ўсталяванні межаў\", - сказаў эксперт.

Алена Ціханава - БЕЛТА.